Перайсці да зместу

Творы М. Багдановіча (1927—1928)/I/III/210

З пляцоўкі Вікікрыніцы
209. Сонэт 210. ⁂ Рыцар Няшчасьце, што скрозь езьдзіць пад маскай маўчком
Верш
Аўтар: Поль Верлен
1927 год
Арыгінальная назва: Bon chevalier masqué (1881)
Пераклад: Максім Багдановіч
211. ⁂ Трэ‘ нам, бачыш, усё між сабой дараваць

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




З П. ВЭРЛЕНА.

210.

∗     ∗

Рыцар Няшчасьце, што скрозь езьдзіць пад маскай маўчком,
Сэрца старое прабіў мне зіхацяшчым кап’ём.

З сэрца старога струёй люнула яркая кроў;
Зьнікла пад сонцам яна, ў землю ушла між цьвятоў.

З губ маіх вырваўся крык, бліск маіх зрэнак пагас;
Дрогнуўшы, ўмёрла маё сэрца старое ураз.

Рыцар пад’ехаў бліжэй, ціха каня затрымаў,
Спрыгнуў з яго і рукой рану маю намацаў.

Цяжка у рану маю палец акуты ўхадзіў;
Сэрцу-жа голас цьвярды срога прыказ гаварыў.

Таркнуў халодны, як лёд, палец у сэрца маё,
І уваскрэсла у ім, чыстым і гордым, жыцьцё.

Сэрца бяз кропелькі зла, сэрца бяз кропелькі шкод,
Ўсё аднаўлёнае ўраз, білася ўзад і ўпярод.

Бледны, дрыжачы, я ўсё-ж веры даць шчасьцю ня мог,
Як і усякі, каму робіцца відзімым бог.

Рыцар-жа зноў на каня сеў, галавою кіўнуў,
І, ад’яжджаючы прэч, некалькі слоў мне гукнуў.

Вось што я чуў ад яго, вось што я чую ўвесь час:
«Будзь асьцярожным цяпер! Гэтае добра ліш раз!»

Увагі

[правіць]

Пераклады з Вэрлена друкуюцца з дзьвёх крыніц. Дзевяць нумароў — з газэт (№№ 223 і 230 з „Нашае Нівы“ 1913-га г.; №№ 211, 213, 215, 216, 219, 220, 224 — з „Нашае Будучыны“ 1923 г.; астатнія дванаццаць нумароў — чарнавых аўтографаў. Усе яны канчаткова да друку былі падрыхтаваны поэтам ў 1912-м годзе (ліст А. Луцкевіча ад 3-VI—25 г. з копіямі некаторых вершаў і лістоў поэты). Парадак друкаваньня перакладаў прыняты Літаратурнай Камісіяй той, які быў вызначаны самім поэтам у пісьме да рэдакцыі „Н. Нівы“ ад 31-VII-1912 г. (дадаткі да ліста А. Луцкевіча ад 3-VI—25 г.). З пералічаных поэтам у гэтым лісьце вершаў не знашлося толькі аднаго — „Ракаўкі“, а ў канцы групы перакладаў з Вэрлена дадзены яшчэ адзін пераклад („Млоснасьць“ пад № 216), перадрукаваны з „Н. Н.“ 1913-га году, якога няма ў сьпісе поэты.
Пераклады з Вэрлена зроблены месцамі добра і з боку перадачы зьместу і з боку набліжэньня да мастацкага стылю орыгіналу. Але некаторыя месцы павінны быць прызнаны ня зусім закончанымі і нават няяснымі ў сэнсе, што прыходзіцца аднесьці часткаю на орыгінал, часам даволі складана скомпанаваны, а часткаю на няўдалы пераклад. Да гэткіх ня зусім ясных месц у ўвагах даецца роўналежны тэкст з орыгіналу па выданьні „Euvres complètes de Paule Verlaine. Tome premier. Paris. 1911.“

210. Рыцар Няшчасьце… Выдаецца з аўтографу, які захаваўся ў папцы з чарнавымі рукапісамі (IV, № 3, 13). Пераклад вершу P. Verlaine „Bon chevalier masqué qui chevauche en silence“ з разьдзелу „Sagesse“.
(Разьдзелы вершаў П. Вэрлена паказваюцца з вышэйпамянёнага выданьня).
Перакладзены асклепіадаўскім вершам (гл. в. „Памятнік“ № 199).