Праціўнікам беларускага руху

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Праціўнікам беларускага руху
Публіцыстыка
Аўтар: Язэп Лёсік
Крыніца: Упершыню — газ. «Вольная Беларусь», 11 жніўня 1917 г.; Лёсік Язэп. Творы. Апавяданні. Казкі. Артыкулы — Мінск: Мастацкая літаратура, 1994. — 335 с. — (Спадчына).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Найгоршымі ворагамі нашага руху ёсць беларусы-перакінчыкі, атрымаўшыя выхаванне расійскае ці польскае. Беларусы-каталікі не хочуць вучыць сваіх дзяцей па-беларуску, адно па-польску, каб зрабіць з іх праўдзівых палякаў, хаця самі яны зусім не ўмеюць гаварыць па-польску. Таксама беларусы-праваслаўныя стараюцца зрабіць сваіх дзяцей рускімі. І палякі, і маскоўцы смяюцца з польскае і рускае мовы нашых перакінчыкаў. Але ім бяды мала: яны ўжо прызвычаіліся да здзеку і паняверкі над сабою. Лепей яны будуць псаваць чужую мову, але на сваёй гаварыць не хочуць. Каталікі-беларусы лічаць сябе за палякаў. На гэта ім скажам, што французы, іспанцы, чэхі і інш. народы каталікі. Дык ці ж яны палякі дзеля таго, што каталікі?

Беларусы-перакінчыкі разам з маскоўцамі-абрусіцелямі — ворагі 1) нашай мовы і 2) нашай аўтаноміі.

Яны кажуць, што беларускай мовы няма, а ёсць толькі гаворка (падмова, наречіе) расійскай мовы (гэтак кажуць масквафілы) або польскай (паланафілы). Іншыя кажуць, што беларуская мова — гэта мешаніна з расійскай, польскай, украінскай і інш. моваў. Кажуць, што мова расійская зусім добра зразумелая для дзяцей-беларусаў. Калі беларуская мова — гаворка расійскай або польскай мовы і дзеля гэтага яе не трэба вучыцца, а трэба вучыцца расійскай ці польскай мовы, дык тагды і іх не трэба вучыць, бо гэта дзве гаворкі славянскае мовы, значыць трэба вучыцца толькі па-славянску. Калі беларуская мова не ёсць мова дзеля таго, што мае ў сабе элементы расійскія, польскія ці ўкраінскія, дык агнельская мова таксама не ёсць асобная мова, бо ў ёй змешаны элементы нямецкай, французскай і кельцкай моваў. А як цяжка беларускаму дзіцяці вучыць расійскую мову,— ведама кожнаму. Першыя два гады дзеці вельмі слаба разумеюць «Русское Слово» 1-га і 2-га году. У 1-й кнізе яны не разумеюць усіх слоў, якія далічалісь да катэгорый: «мебель, утварь, цветы» і т. д. У 2-й кнізе яны саўсім не разумеюць артыкулаў «Изъ детскіхь воспоминаний». Язык іх не можа выгаварыць шорсткіх расійскіх слоў.

Нам яшчэ кажуць адны, што беларусы не маюць літаратуры, а другія кажуць, што мы маем адну «любительскую» літаратуру. Першыя пэўна што саўсім не знаюць нашай літаратуры. Другія трошкі чыталі яе, але так знаюцца ў ёй, што лепей не казаць. Ведама, што ў нас няма яшчэ ўсясветных песняроў дзеля таго ўціску, які мы цярпелі да самага апошняга часу. Але мы маем надзею, што яны будуць. І цяпер ужо наш Янка Купала, або Якуб Колас, або Максім Багдановіч пішуць не горш, як лепшыя песняры другіх народаў.

Цяпер, кажуць нашы ворагі, не час разлучацца, а трэба злучацца; трэба перш зваяваць немца, а тагды ўжо дзяліцца. Але да рэвалюцыі нас лучылі вастрогі, ссылка, катарга, ланцугі. Чаму ж мы тагды не зваявалі немца? Моц дзяржавы залежыць ад моцы і здароўя кожнай яго часткі. Калі Маскоўшчына, Украіна, Беларусь і т. д. будуць здаровымі і моцнымі, тагды і ўся рэспубліка будзе моцнаю. Вось мы й бачымо, што наймацнейшыя дзяржавы гэта такія, гдзе асобныя народы і краі маюць аўтаномію. Германія злеплена з 25 кускоў, Англія дала шырокую аўтаномію сваім калоніям, Злучаныя Штаты маюць 40 асобных дзяржаў, а ўсё гэта наймацнейшыя дзяржавы. Часовы Расійскі Урад выказаў прынцып самаазначэння народаў. Сказаць пекныя лозунгі мала — трэба правесці іх у жыццё. Мы хочам, каб гэтыя лозунгі не засталіся пекнымі, але пустымі словамі, і па нашаму адрасу пускаюць усякую брахню. Не дзіва, што ўкраінцы і фіны не хацелі верыць, што гэтыя пекныя словы спраўдзяцца. Мы будзем мірна, але цвёрда ісці сваёю дарогай і з яе не саступім.