Перайсці да зместу

Няма веры

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Няма веры
Публіцыстыка
Аўтар: Язэп Лёсік
Крыніца: Упершыню — газ. «Вольная Беларусь», 23 жніўня 1917 г.; Лёсік Язэп. Творы. Апавяданні. Казкі. Артыкулы — Мінск: Мастацкая літаратура, 1994. — 335 с. — (Спадчына).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Становішча Дзяржавы Расійскай што далей, то робіцца горай. Армія адступаецца, вораг пасуваецца ўперад, і немагчыма затрымаць яго наступ. Грамадзянства разбілася на два варожыя станы, і страчаны грунт для паразумення. Дарагоўля расце, недахват павялічваецца. Бязладзіца, непарадкі агарнулі кругом, як чорнаю хмараю. Гром грыміць, бура ірдзіцца і гатова хлынуць раптоўна смяртэльнай навальніцай. А людзі як людзі. Сходзяцца, радзяцца, жартуюць, смяюцца, ды не маюць веры ні парадам сваім, ні жартам сваім, ні жадным сваім установам. Сталася так, што сама рэвалюцыя страціла сэнс, сілу і значэнне. Пажоўклі яскравыя лозунгі, жалобай адбіваюцца рэвалюцыйныя песні. Некультурныя, цёмныя масы сунуцца ўперад, павіную- чыся гавяжаму інстынкту, і не хочуць уцяміць, што гаспадара няма, што кіраўнік свайго жыцця ён сам, і калі дзяржаўная машына з разгону заедзе «казла», дык разляціцца на друзгі. Адозвы, прамовы, сходы і з’езды абрыдлі, прыеліся і нікога не да чаго не прымушаюць. Мэрам гісторыя аддзялілася ад людзей, а людзі ад гісторыі, і рухаецца ўсё паасобку.

Тым часам скліканне Сойму адсунута назад, а разам з тым, траціцца вера, што гэта апошні тэрмін, што за першым адкладам не пойдзе другі, трэці і т. д. Але Часовы Урад, пачуваючы смяртэльную небяспеку, як баячны Антэй, ірвецца наніз, каб ад зямлі набрацца моцы, творчай веры і гаючай сілы. Ён шукае палёгкі ў народзе, дзеля чаго склікае ўсерасійскую ў Маскве нараду. Туды пакліканы прадстаўнікі ўсіх партый, усіх арганізацый, усіх грамадскіх інстытуцый. Паваланы дэпутаты ўсіх чатырох Гасуд. Дум. З’едзецца каля паўтары тысячы людзей, а веры няма, чамусь нікне надзея, не відаць спасення. Кіраўніцтва дзяржавай траціць даладнасць, трупціць, як сапсаваная машына, і яшчэ больш павялічвае тую багну, што расступілася перад намі і гатова праглынуць і рэвалюцыю, і волю, цэльнасць і незалежнасць самой дзяржавы. Чуюцца пагрозы «крывёй і жалезам», але ніхто не лякаецца і не звяртае ўвагі. Робіцца ўражанне, што карабель топіцца, захлынаецца вадою, і кожан кідаецца туды, дзе бачыць найблізшы ратунак. Яшчэ чутна каманда, яшчэ аддаюцца прыказы, але ніхто не верыць у моц карабельнай улады. І кожны спяшае сесці ў чайку і пашукаць ратунку па ўласнаму даследу. І мы бачым, што фінляндцы зняверыліся ў Расійскім Урадзе. Наперакор распараджэнню рыхтуюцца яны адчыніць свой сойм і дамагаюцца вывесці расійскія войскі, выклікаючыя непарадкі, не шануючыя мясцовых законаў і павялічваючыя цяжар харчовай справы. Украінцы, нездаволеныя наданымі ім правамі, адмаўляюцца пасылаць сваіх прадстаўнікоў на маскоўскую нараду, страціўшы веру ў скутачнасць супольнай працы. Яны адчаяліся намацаць грунт для супрацоўніцтва і па тропу фінляндцаў шукаюць ратунку паасобку. А расійскае грамадзянства, не прызнаючы свайго гістарычнага граху — нацыянальнага ўціску, пасылае ў дагонку пагрозы «крывёй і жалезам». Але там, дзе пытанне пастаўлена рубам, дзе справа паўстала аб жыцці і смерці — там пагрозы нікога не лякаюць, нікога не спыняюць, нікому не памогуць, а толькі раскапаюць шырэй тую багну, што залягла паміж імі. Дый адкуль жа ўзяць тую веру, калі нямашака жаднага грунту? Хіба ўкраінцы ці тыя фінляндцы не бачаць, як ставіцца ўрад і ўсё расійскае грамадзянства да нас, беларусаў? Маўчаць — значыць, здаволены, і хоць бы словам хто закінуўся аб тым, што беларусы жывуць, дыхаюць і есці хочуць. Хіба ж не відно, што чуллівае вуха маскоўскага грамадзянства ў нацыянальных пытаннях больш нахілена да таго, што было, як да таго, што павінна быць? Хіба Часоваму Ураду не казалі пра нас, хіба не прасілі яго дапамагчы і падтрымаць нас у нашым цяжкім становішчы? А ласне паслухалі нас, ласне пацешылі нас хоць словам, добрай парадай ці абяцанкай? Сумна, але факт, — вораг робіць тое, што павінен зрабіць сябра. Немец не заводзіць спрэчак, што беларусаў няма, — ён разважыў гэта пытанне даўно, і там, у забранай частцы Беларусі, будуе школы, робіць курсы, друкуе падручнікі. Мала гэтага, ён рыхтуецца здзівіць цэлы свет заявай, што ў Дзяржаве Расійскай, на берагах Нёмна і Дзвіны вынайшаў цэлы асобны народ са сваім уласным бытам, з асобнай культурай, звычаямі і мовай. Сумна, але факт! А ў нас заява аб сваёй гістарычнай самабытнасці, аб жаданні ўласнага культурнага жыцця нават лепшымі людзьмі маскоўскага грамадзянства талкуецца як сепаратызм, дзяліцьба і калатніна. Дык адкуль жа ўзяцца той веры?!