Мой дом (1946)/Пажаданні пад новы год
← У летні адпачынак | Мой дом Пажаданні пад новы год Аўтар: Якуб Колас |
Лес → |
ПАЖАДАННІ ПАД НОВЫ ГОД
Пажадаю, сябры-песняры,
Каб чарніла вы літры па тры
Улілі ў свае творы.
Ды каб іх чытаў чытачоў мільён,
Ды не так, як лякарства на сон,
На бяссоніцу хворы.
Каб гужом паплылі вашы драмы
У кіно, тэатральныя брамы, -
Як зярно для памолу.
Каб, зірнуўшы на іх, рэжысёр
Бок важнецка рукою падпёр,
Распачаў сваю школу.
Каб да самай да позняй начы
Мелі ўцеху ад іх гледачы
І сказалі-б: «Харошы».
Каб набілі за вечар няўзнак
Гледачы нашы — кончу я так -
Мазалі на ладошы.
26/XI — 1937 г.