Марыя (Шаўчэнка/Колас)

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Марыя
Паэма
Аўтар: Тарас Шаўчэнка
11 лістапада 1859
Пераклад: Якуб Колас

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




МАРЫЯ

Паэма

Радуйся, ты бо обновила еси зачатыя студно.

Акаф, пресв. богор., Ікос 10.

Надзеі, мыслі ўсе мае
Я на цябе, мой светлы раю,
На міласэрдзе на тваё,
Усё спадзеванне маё
На цябе, маці, пакладаю.
Святая сіла ўсіх святых!
Найначысцейшая, святая!
Малюся, плачу і рыдаю.
Зірні, прачыстая, на іх,
10 На тых акрадзеных, сляпых
Нявольнікаў. Падай ім сілу
Твайго мучаніка-сына,
Каб крыж-кайданы даняслі
Да саменькага канца-краю.
Праслаўленая! Я ўзываю,
Царыца неба і зямлі.
Пачуй іх стогны і пашлі
Канец шчаслівы, прасвятая!
А я, нязлоблівы, спяю,
20 Як працвітуць сядзібы, сёлы,
Псалмом і ціхім і вясёлым
Святую долечку тваю.
А зараз плач і болесць, слёзы
Душы убогае, — убогі,
Сваю я лепту падаю.

У Ёсіфа, у цесляра
Ці бондара таго святога,
Марыя ў наймічках расла,
Расла сабе і вырастала
І на пары Марыя стала...
І кветкай-ружай расцвіла
У беднай і чужой хаціне,
У ціхім і святым раю.
Цясляр на наймічку сваю,
Нібы на родную дзяціну,
Бывала струг, цяслу пакіне
Дый пазірае; час міне,
А ён і вокам не змігне
І думае: «Ані радзіны,
Ані хаціначкі няма,
Адна-адненькая!.. Хіба...
Ці смерць мая ўжо за плячыма?..»
Марыя ж стане каля тыну
Ды воўну белую прадзе
На той бурнус яму на новы,
Або на бераг павядзе
Казу з казляткам такім кволым
Папасвіць там і папаіць,
Хоць і далёка. А любіла ж
Яна той ціхі божы стаў,
Шырокую Тыверыяду,
І рада, аж смяецца, рада,
Што Ёсіф, седзячы, маўчаў
І не пярэчыў, не спыняў
На стаў ісці. Ідзі, смяецца,
А ён сядзіць ды ўсё сядзіць,
За струг, бядага, не бярэцца...
Каза нап’ецца ды пасецца,
А дзеўчына сабе стаіць
З сваімі думкамі пад гаем
І смутна, сумна пазірае
На той шырокі божы стаў
Ды прагаворыць: — Тыверыяда!
Цару шырокі азярам!
Скажы ты мне, мая парада,
Якая доля выйдзе нам

З старым Іосіфам? О доля! —
І хіліцца, нібы тапля
Ад ветру хіліцца ў яру.
70 — Яму я родным дзіцем стану,
Плячмі маімі маладымі
Яго старыя падапру! —
І зрокам абвяла паляну,
Аж іскры сыпнулі з вачэй,
А з маладых яе плячэй
Хітон палатаны дадолу
Паволі ссунуўся. Ніколі
Такое божае красы
Ніхто не ўбачыць. Злая ж доля
80 Калючым цернем правяла
І нібы кпіла над красою!
— О долечка! — Па-над вадою
Хадою ціхаю пайшла.
Лапух край берагу знайшла,
Лапух сарвала і накрыла,
Нібы тым брылікам, сваю
Галоўку смугленькую тую,
Сваю галованьку святую. І ў цёмным знікла дзесь гаю.
90 О свеце вечны наш, нягаслы!
О ты, прачыстая ў жэнах!
Пахучы квет, палёў краса!
Дзе, у якіх гаях, ярах,
Прытулках блізкіх ці далёкіх
Ты захавалася ад спёкі
Агняспаляючай тае,
Што сэрца без агню растопіць
І без вады прарве, затопіць
Святыя думанькі твае?
100 Дзе ты схаваешся? Нідзе!
Агонь запаў ужо — і годзе!
Запалымнеў ужо. І шкода,
Дарэмна сіла прападзе,
Да сэрца дойдзе, да касці
Агонь той люты, негасімы,
І, недабітая, за сынам
Ты будзеш змушана прайсці

Агонь пякельны. І прарочыць,
Табе ўжо зазірае ў вочы
110 Прышласць твая. Ты не глядзі!
Твой сум прарочы адвядзі,
На галаву ўзлажы вяночак
З чырвоных макаў, віаргінь
Ды бестурботна адпачынь
Пад яварам у халадочку,
Пакуль што будзе.

Падвечар, нібы зорка тая,
З вянком Марыя выйшла з гаю,
А перад ёй Фавор-гара,
120 Як бы з золата-серабра,
У небе высіцца і ззяе,
Аж вочы слепіць. Падняла
На той Фавор свае святыя
Вочкі лагодныя Марыя
З усмешкай ціхай. Заняла
Казу з казлятачкам з-пад гаю
І заспявала:

- Раю! раю!
Цёмны гаю!
130 Ці я, маладая,
Мілы божа,
Ў тваім раю
Ці я пагуляю,
Нагуляюся? -
Дый змоўкла
І азірнулася наўкола,
На рукі казлянё ўзяла
І весяленькая пайшла
На хутар бондараў убогі.
140 Ідучы, казлянё-нябогу,
Нібы малое, на руках
Яна пагушквала, гайдала,
Да ўлоння ціха прытуляла
І цалавала. Казлянё,
Як быццам тое кацянё,
Ляжала ціха, не крычала,

На ўлонні песцілася ўдала.
І мілі дзве з тым казлянём
Яна амаль не танцавала.
І не ўтамілася. Стары
Глядзеў, сумуючы пад тынам,
І ўжо даўно сваю дзяціну
Здалёку згледзеў, прывітаў
І запытаўся: — Дзе ты ў бога
Забавілася та, нябога?
Хадзем у кушчу, адпачынь,
Ды за вячэру сядзем разам
З вясёлым госцем маладым.
Хадзем жа, дочухна. — Які?
Які то госць? — А з Назарэта
Зайшоў да нас падначаваць.
Ён кажа, божжа благадаць
На старую Елізавету
Учора раненька зышла,
Учора, кажа, прывяла
Дзіцёнка-сына. А Захары
Стары назваў яго Іанам.
— Дык бачыш што! — А госць, разуты,
Умыты, з кушчы выступаў
У белым чысценькім хітоне,
Як намалёваны ён ззяў
І велічна стаў на парозе
І, пакланіўшыся, вітаў
Марыю ціха. Ёй, нябозе,
Аж дзіўна стала. Госць стаяў
І, сапраўды, нібы заззяў.
Марыя на яго зірнула
І боязнь нейкую адчула
І прыгарнулася ад страху
Да Ёсіфа свайго старога.
А потым госця маладога
Прасіла, нібы павяла
Вачамі ў кушчу. Прынясла
Вады чысцюсенькай з крыніцы
Ды малако і сыр казліцы
Ім на вячэру падала.
Сама ж не ела, не піла,

Ў куточку ціхенька стаяла
Ды ўсё маўкліва пазірала
190 І слухала, як малады,
Дзівосны госць той гаварыў.
І словы гутаркі жывыя
У душу падалі Марыі,
І ў сэрцы стыла і пякло!

- У Іудзеі не было, -
Прамовіў госць, - таго ніколі,
Што зараз станецца. Равві!
Звястун вялікае глаголы
Засее праўду на зямлі!
200 І вырастуць і пажнямо
І ў жытніцы мы зберамо
Святыя зерні. Я Месію
Іду людзям апавясціць.
І памалілася Марыя
Перад апосталам.
Гарыць
Агеньчык ціха у жарніцы.
А Ёсіф праведны сядзіць
Ды думае. Ужо зарніцы
210 На небе ясным узышлі.
Марыя ўстала і пайшла
З гляком па воду да крыніцы.
І госць за ёю і ў ярочку
Дагнаў Марыю... Халадочкам
Да ўсходу сонца правяла
Аж да самае Тыверыяды
Святога весніка. І рада,
Радзюсенька сабе прыйшла
2200 Дадому.
Жджэ яго Марыя,
А вусны, шчокі маладыя
Імгненна блякнуць. Вочы ёй
Туманам засціць. - Ты не той,
Не той цяпер, Марыя, стала,
Наш цвет, аздоблены красой! -
Прамовіў Ёсіф. - Дзіва стала

З табою, дочухна мая!
Марыя, трэба нам звянчацца,
230 А то… — Не вымавіў — заб’юць
На вуліцы. — Затым схавацца
Ў сваім аазісе. — І ў пуць
Марыя ўбогі скарб збірала
Ды цяжка плакала, рыдала.

І вось яны сабе ідуць,
Забраўшы скарб увесь на плечы.
Між скарбу конаўка. Сказаць,
Можна было б яе прадаць
Ды хустку ёй купіць дарэчы
240 Дый за павенчанне аддаць.

О старча праведны, багаты!
Не ад Сіона благадаць:
Яна з твае убогай хаты
Нам узвясцілася. Калі б
Прачыстай ёй не даў ты руку,
Рабамі беднымі былі б,
Дагэтуль мерлі бы. О мука!
О цяжкая душы нуда!
Не вас, гаротных, мне шкада,
250 Сляпыя, бедныя душою,
А тых, што бачаць над сабою
Сякеру, молат і куюць
Кайданы новыя. Заб’юць,
Зарэжуць вас душазабойцы
Ды з той крывавае крыніцы
Сабак напояць.
А дзе той,
Лукавы госць яе нядаўны?
Хоць бы прыйшоў, даў вестку ёй
260 Ды глянуў бы на шлюб праслаўны,
На шлюб акрадзены. Не чуць
Ані яго, ані Месіі.
А людзі ждуць чагось і ждуць,
Чагось няпэўнага. Марыя!
Не маеш долі ты. Чаго,
Чаго чакаць табе ад бога

І ад людзей яго? Нічога,
Як ад апостала таго.
Не, не чакай. Цясляр убогі
270 Цябе, вянчаную, вядзе
Ў сваю жабрачую хаціну.
Маліся, дзякуй, што не кінуў,
Цябе ў дарозе не прагнаў,
А то б цаглінаю забілі, —
Як бы цябе ён ні хаваў.
Ў Ерусаліме гаварылі
Паціху людзі, што сцялі
У горадзе Тыверыядзе
Ці то кагосьці распялі,
280 Што чуткі сеяў аб Месіі.
«Яго», — падумала Марыя
І весяленькая пайшла
У Назарэт. І ён святлее,
Што наймічка яго нясла
Пад сэрцам праведную душу
Распятага за волю мужа.

Вось так яны ўдваіх ідуць.
Прыйшлі дадому і жывуць,
Павенчаныя, без турботы.
290 Цясляр за новаю работай —
Калыску ладзіць, а яна
Сядзіць сабе каля акна,
Глядзіць у поле ўсё ды шые
Кашульку тую з палатна —
Каму яшчэ?
— Гаспадар дома? —
З двара пачулася. — Указ
Ад кесара, яго самога,
Каб вы сягоння, ў гэты ж час,
300 Для перапісу ў горад,
У горад Віфлеем, ішлі. —
І знік, замоўк той грозны голас,
І ціша стала, як была.

Марыя цеста замясіла,
Каб хоць праснак спячы. Спякла

І ў торбу моўчкі палажыла
Ды са старым сваім пайшла
У Віфлеем. - Святая сіла!
Выбаў мяне, мой божа мілы, -
310 Толькі й сказала. Зноў ідуць
І цяжкі сум нясуць абое.
Убогія, яны з сабою
Казу з казлятачкам вядуць,
Бо дома не на кага кінуць,
А можа бог дасць і радзіны,
Дык вось і будзе малако
Той беднай мацеры. Скаціна
Ідзе і жывіцца. Радком
Ідуць вось гэтак бацька, матка.
320 І між сабой яны украдкам
Гамоняць ціха. - Сімеон
Пратапрасвіцер, - Ёсіф мовіў, -
Прарочае такое слова
Сказаў мне, што святы закон
І Аўраама і Майсея
Адновяць мужы іасеі.
І ён яшчэ угледзіць сам
Месію, што прыходзіць к нам!
Ці чуеш ты, мая Марыя?
330 Месія прыйдзе! - Ён прыйшоў,
І мы ўжо бачылі Месію! -
Яна азвалася.
Знайшоў
Праснак зачэрсцвелы, убогі,
І кажа Ёсіф: - З'еш, нябога,
Пакуль што будзе там яно.
Да Віфлеема не блізенька;
І я спачыну заадно.
І селі на шляху згадненька;
340 Палуднаваць. Вось так сядзяць.
А сонца яснае хуценька
Дадолу коціцца. Глядзяць -
Схавалася. Сцямнела ў полі.
І дзіва дзіўнае! Ніколі
Ніхто не бачыў, не чуваў
Такога дзіва. Задрыжаў

Святы цясляр. Мятла з усходу
Над Віфлеемам - знак народу -
Шырокай пасмаю зайшла
І дзіўным бляскам заіграла.
Марыя з шляху не ўставала -
Марыя сына прывяла,
Адзіную тую дзяціну,
Што нам збавенне прынясла.
І, насвяцейшая, нявіннай
За грэх наш кары прыняла.
Непадалёку, ўскрай дарогі,
Авечак гналі пастухі
І іх пабачылі. Нябогу,
Матку з дзіцёнкам, узялі,
Ў сваю пячору прыняслі
І грамадой усёй убогай
Эмануіл імя далі.

Да ўсходу сонца, рана-рана,
У Віфлееме на майдане
Зышоўся люд і шапаціць,
Што пэўна штосьці з людзьмі будзе
У Іудзеі. Гаманіць
І моўкне люд. - О людзі! людзі! -
Хтось з пастухоў бяжыць, крычыць. -
Прароцтва ўжо Іерэмія,
Ісаія збылось, збылось!
У нас, у пастыраў, Месія
Радзіўся ўчора. - Загуло
У Віфлееме на майдане:
- Месія! Іісус! Асанна! -
І люд расходзіўся.
І ўраз
З Ерусаліма пад той час
Прыслаў загад цар Ірад люты.
І штось нябачана, нячута
На свеце сталася тады.
Яшчэ ў пялёнках дзеткі спалі,
Купель ім грэлі мацяры,
Намарна грэлі! Не купалі

Маленькіх дзетачак сваіх!
Нажы салдаты спаласкалі
Ў дзіцячай праведнай крыві!
Дык вось яно што ў свеце сталась!
390 Глядзіце ж вы, о мацяры,
Што робяць Ірады-цары!

Марыя нават не хавала
Свайго дзіцёнка. Хвала вам,
Убогім людзям, пастухам,
Што прывіталі, захавалі
І нам збавіцеля ўпаслі
Ад Ірада. Пашкадавалі
І накармілі, і далі
Кажух і світку на дарогу,
400 І, небаракі, дадалі
Асліцу дойную. Нябогу
З яе дзіцём мы, як маглі,
І даглядалі і вялі
Слядамі ўночы патайнымі
На шлях Мемфіскі. А мятла,
Мятла агністая гарэла,
Як тое сонца, і глядзела
На іх асліцу, што нясла
Ў Егіпет добрую Марыю
410 І нараджонага Месію.

Калі б на свеце дзе хоць раз
Царыца села на асліцу,
То слава йшла б і пра царыцу
І пра вялікую асліцу
Па свеце ўсюды. Гэта ж несла
Жывога ісціннага бога.
Цябе ж, бядачку, копт убогі
Хацеў у Ёсіфа купіць,
Ды здохла ты. Мабыць дарога
420 Такі пашкодзіла табе?

У Ніле скупанае, спіць
Ў пялёнках долі пад вярбою
Дзіцятачка, а між лазою
З лазы калысачку пляце

Ды плача праведная маці,
Калыску тую плетучы.
Знайшоў і Ёсіф зноў работу -
Будуе хатку ён з чароту,
Каб мець прытулак уначы.
З-за Нілу сфінсы, як сычы,
Страшнымі мёртвымі вачыма
Глядзяць на гэта. А за імі
На спаленым пяску стаяць
Па шнуру піраміды ў рад,
Як тая варта фараонаў.
І фараонам даюць знаць,
Што праўда божага закону
Ужо ўзыходзіць на зямлі,
Каб асцярожнымі былі.

Марыя нанялася прасці
У копта воўну, а стары
Авец узяўся стадка пасвіць,
Каб зноў казу сабе нажыць
На малако малому сыну.
Мінае год. Каля хаціны
Паветкі ціхія куты,
Дзе бондар праведны святы
Ніякіх помыслаў не мае,
Барыла й бочкі набівае
Ды штось мурмукае. А ты?
Не плачаш ты і не спяваеш,
Гадаеш, думаеш, гадаеш,
Як навучыць, як навясці
На троп святы святога сына
І як ад ліха упасці,
Ад бур жыццёвых адвясці.

Зноў год мінуў. Каля хаціны
Каза пасецца, а хлапчына
З малым вясёлым казянём
У сенцах бавіцца. А маці
Сядзіць на прызбе або ў хаце
Ды воўну тонкую прадзе,
Аж вось і сам стары ідзе

З кіёчкам ціха каля тыну:
На торг у горад ён хадзіў
І сыну пернічак купіў,
А ёй прасценькую хусціну;
Сабе ж нясе на хадакі
Тавар раменны. Спачынуў
470 І кажа: — Дочка, не бядуй.
Выпадак з Ірадам такі —
Чагось наеўся ён і, чуй, —
Цяпер хаўтуры адсвяткуй —
Так мне казалі старыкі.
Дык пойдзем жа мы ў той свой гай,
У свой маленькі ціхі рай,
Хадзем дадоманьку, рыбчына.
— Хадзем, — сказала. І пайшла
На Ніл памыць кашулькі сыну,
480 Каб у дарогу ўзяць. Паслася
Каза з казляткам каля тыну.
А Ёсіф сына забаўляў,
На прызбе сеўшы, покі маці
Збірала скарб той свой малы,
Кашулькі мыла. Пасля ў хаце
Наладзіў добра пасталы
Сабе ў дарогу. І… пайшлі
Да ўсходу сонца, па тарбіне
На плечы ўзяўшы, а хлапчыну
490 Яны ў калысачцы няслі.

Сяк-так прыйшлі яны дадому.
Бадай не выпала нікому
Такое ўгледзець. Благадаць —
Гаёчак ціхі сярод поля,
Адна-адзіная іх доля,
Вось той гаёчак! — і не знаць,
Дзе ён меў радасць, і хаціна —
Усё разбурана. Ў руіне
Прыйшлося бедным пачываць.
500 У яр Марыя да крыніцы
Хуценька кінулася. Там
Калісьці з ёю ясналіцы
Сустрэўся госць святы. Бур’ян,

Будзяк калючы з крапівою
Каля крыніцы параслі.
Марыя! Горачка з табою.
Маліся, сэрцайка, малі!
Акуй сваю святую сілу,
Доўгацярплівасцю акуй,
510 Слязьмі крывавымі гартуй.
Чуць не ўтапілася нябога
У той крыніцы. Гора нам
Было б, выбаўленым рабам!
Ці выйшла б што з таго малога
Без мацеры? І мы б не зналі
Дагэтуль праўды на зямлі,
Святое волі… Адагнала
Цяжкія думкі, зарыдала,
Ды цяжка, горка. Пацяклі
520 На дол сыры святыя слёзы
Дый высахлі, а ёй, нябозе,
Палегчала.
Елізавета,
Ўдава старая з Назарэта,
З малым сынком сваім жыла,
З сынком Івасем, і была
Раднёю ім. Марыя рана
Сыночка любага старанна
Адзела, естачкі дала
530 І за святым сваім пайшла
У Назарэт той да ўдавіцы,
Каб дзе хоць наймічкай прасіцца.

Дзіця маленькае расло,
З Івасем удваіх гуляла.
Тым часам трохі падрасло.
Вось раз яны сабе гулялі
Удвух па вуліцы. Знайшлі
Дзве палачкі і прыняслі
Дадому мацярам на дровы.
540 Дзеткі звычайныя. Ідуць,
І весяленькі і здаровы,
Аж люба глянуць, як ідуць.
І вось яно, малое, ўзяла

Другую палачку ў Івася, -
Івась гульнёю дзесь заняўся, -
Зрабіла крыжык ды нясло
Дамоў старэйшым паказаць,
Што й ён умее майстраваці.
Марыя ў сенечках здалёк
550 Дзяцей заўважыла і ўмлела,
Як на той крыжык паглядзела.
- Што ты зрабіў? што, мой сынок?
То чалавек ліхі знарок
Цябе наўчыў, мой любы сын,
Зрабіць вось гэта... Кінь жа, кінь.
А ён, маленькі і нявінны,
Глядзіць і шыбенічку кінуў
Ды зарыдаў, і пацяклі
У першы раз святыя слёзы
560 На ўлонне матцы. Ёй, нябозе,
Нібы палегчала. Ўзяла,
У халадочак завяла,
У садзік свой. Пацалавала
Ды коржыкам пачаставала,
Свяжуткім коржыкам. Яно ж
Папесцілася, пагуляла
Ды спатанькі сабе лягло
У роднай маткі на каленях
І спіць сабе, бы ў райскім цені,
570 Пазбыўшы горачка таго.
І на адзінага свайго
Глядзіць матуля, глядзіць, плача
Ціхутка-ціха: анёл спіць,
Хоць бы ж яго не абудзіць,
Ды не дагледзела - няйнача
Слязы расінка, як агонь,
Упала на яго. Яно
І абудзілася. І слёзы
Марыя выцерла, смяецца,
580 Каб ён не бачыў. Ды, нябозе,
Ёй не ўдалося ашукаць
Малога сына. Ён зірнуў
І заплакаў.
Зарабіла

Ці то пазычыла ўдава
Капеек колькі на буквар.
Сама б вучыла, ды не знала
Яна пісьма таго. Ўзяла
Ды ў школу хлопца адвяла
590 Да іасеяў. Даглядала ж
Яго сама. Сама вучыла
Дабру і розуму. Івась
Яму пад пару быў якраз,
Удвух сабе хадзілі ў школу,
Разам вучыліся. Ніколі
Не пагуляе ён з дзяцьмі
І не пабегае ні-ні.
Адзін-аднюсенькі бывала
Засядзе ён у бур’яне
600 Ды клёпку чэша. Памагала
Дзіця бацькам у працы іх.
Па сёмым нейк ужо гадочку -
Малы ўжо добра майстраваў, -
Адпачываючы ў куточку,
Стары на сына пазіраў.
Які-то майстра з яго будзе?
Якія выйдуць з яго людзі?
Ды, ўзяўшы вёдзер, міс вянок,
І бацька з маткай і сынок -
610 Ну, як было расстацца з ім? -
На торг пайшлі ў Ерусалім.
Хоць і далёка, дык прадаці
Дарожай можна. Бацька й маці
Сядзяць сабе ды прадаюць
Дабро сваё. А дзе ж хлапчына?
Прапаў ён дзесь. Шукае сына
Ды плача маці — не чуваць
Яе сынка. У сінагогу
Зайшла маліць добрага бога,
620 Каб сын знайшоўся. Аж глядзіць -
Між рабінаў яе хлапчына,
Яе дзіцёнак той, сядзіць,
І навучае ён, нявінны,
Як трэба жыць, людзей любіць,
За праўду стаць, за праўду згінуць -

Без праўды гора. - Гора вам,
Настаўнікі архіерэі, -
Дзівіліся тут фарысеі
І кніжнікі яго славам.
630 А радасць мацеры Марыі
Не скажаш словамі. Месію,
Самога бога на зямлі
Яна ўжо бачыць. Прадалі,
Хвалу прынеслі ў храме богу
І весяленькія ў дарогу
Дадому рушылі ўначы
Ды халадочкам.
Падрасталі,
640 Вучылісь разам, растучы,
І гонар матчы падымалі
Святыя дзеткі іх. Са школы
Цярновым шляхам яны йшлі
Абодва. Божыя глаголы,
Святую праўду на зямлі
Яны сказалі. Распялі
За волю іх, святую волю!

Іван пайшоў у ціш пустыні,
А твой між люду. А за ім,
650 За сынам праведным сваім,
І ты пайшла. У той хаціне
Чужой пакінула яго,
Святога Ёсіфа свайго.
Пайшла ў вандроўку па-над тынню,
Аж покі-покі не дайшла
Аж да Галгофы.
Бо за сынам
Святая маці ўслед ішла
І цяжкі крыж яго ўзяла
660 І чула, бачыла ды млела
І моўчкі радасцю гарэла,
На сына гледзячы. А ён,
Бывала, сядзе на Элеоне,
Каб адпачыць. Ерусалім
Красуе горда перад ім,

І ззяе ў залатым вісоне
Ізраільскі архіерэй!
Раманскі залаты плебей!
Гадзіна, дзве міне, не ўстане,
670 На матку на сваю не гляне,
Ды аж заплача, гледзячы
На іудзейскую сталіцу.
І яна плача, ідучы
У яр на воду да крыніцы,
Ціхусенька, і прынясе
Вады чысцюткай, і абмые
Стамлёныя ступні святыя,
І дасць напіцца, і страсе,
Садзьме той прах з яго хітона,
680 Зашые дзірачку нанова,
Па смокву пойдзе і сядзіць
З трывогаю - о ўсесвятая! -
Што сын балесным спачывае.
Аж вось дзятва сюды бяжыць
З-пад горада - яго любілі
Малыя дзетачкі. Слядком
За ім па вуліцах хадзілі.
А іншы раз на Элеон
Да яго бегалі малыя.
690 Вось і прыбеглі. - О святыя,
Вы найбязгрэшныя! - сказаў,
Як згледзеў дзетак, прывітаў,
Цалуе іх, благаслаўляе,
Гуляе з імі, як маленькі.
Надзеў бурнус і, весяленькі,
З сваімі дзеткамі пайшоў
Ў Ерусалім сказаць сурова
Лукавым, грэшным праўды слова.
За тыя словы распялі...
700 Як распінаць яго вялі,
На скрыжаванні ты стаяла
З малымі дзецьмі. Мужыкі,
Яго браты, вучанікі,
Усе ад страху паўцякалі.
- Няхай ідзе! Няхай ідзе!
Вось так і ён вас павядзе, -

Сказала дзецям і упала
На землю трупам,
Распялі
710 Тваю адзіную дзяціну!
Ты ж, адпачыўшы дзесь пад тынам,
У Назарэт адна пайшла.
Тваю сваячку пахавалі
Ў чужой пазычанай труне
Чужыя людзі. А Іана
Яе зарэзалі ў турме.
І Ёсіфа твайго не стала,
І ты адненькай гаравала,
Адна, як палец, бо такі
720 Твой лёс палатаны, нябога.
Браты яго, вучанікі
Няцвёрдыя, з душой убогай —
Яны на мукі не даліся,
Схаваліся і распаўзліся.
І ты іх мусіла збіраць.
І вось яны неяк сышліся
З табою ўночы сумаваць.
І ты, вялікая ў жэнах,
І іх паныласць і іх страх
730 Развеяла, як пацяруху,
Сваім святым натхнёным духам
Той дух святы свой унясла
У душы іхнія. Хвала
І пахвала табе, Марыя!
Мужы узнесліся святыя,
Далёка ў свет яны пайшлі
З імем святога твайго сына,
Твае балеснае дзяціны,
Любоў і праўду паняслі
740 Па свеце ўсім. А ты пад тынам,
Сумуючы, у бур’яне
Памерла з голаду. Амін.

А потым папы цябе ўзняслі,
Адзелі ў пурпур і вянчалі,
нібы царыцу. Распялі
Цябе, як сына. Аплявалі

Твой воблік чысты і святы,
Растлілі добрую... А ты?..
А ты, як золата ў гарніле,
750 Ў людской душы сябе ўзнавіла,
Ў душы нявольніцкай, малой,
Ў душы балеснай і жывой.

(11 лістапада 1859,

С.-Пецярбург)