Каўказ (Шаўчэнка/Купала)

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Каўказ
Паэма
Аўтар: Тарас Шаўчэнка
1845
Арыгінальная назва: Кавказ
Пераклад: Янка Купала
Крыніца: Шаўчэнка Т. Вершы. Паэмы — Мн., Маст. літ., 1989 — (Скарбы сусветнай літаратуры)
Іншыя публікацыі гэтага твора: Каўказ (Шаўчэнка).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Шчыраму майму Якаву дэ Бальмену
Кто даст главе моей воду, и очесем моим источник слёз,
и плачуся и день и нощь, о погибиенных…
Иеремии, глава 9, стих 1


За гарамі горы, хмараю спавіты,
Засеяны горам, крывёю паліты!

Спакон веку Праметэя
Там арол карае,
Штодзень божы яму рэбры
Й сэрца разбівае,
Разбівае, ды не вып’е
Крыві жывой з сэрца —
Ізноў яно ажывае
Ды ізноў смяецца.
Не ўмірае душа наша,
Не ўмірае воля,
І пражора не выара
На дне мора поле,
Не скуе душы жывое
І слова жывога,
Не паганьбіць славы Бога,
Вялікага Бога.

Не нам у спрэчку з табой стаці!
Не справы нам твае судзіць!
Нам толькі плакаць, плакаць, плакаць
І хлеб штодзённы замясіць
Крывавым потам і слязамі.
І каты бэсцяцца над намі,
А праўда наша п’яна спіць.

Калі яна пратрэ вочы?
Калі адпачыці
Ляжаш, стомлены ты, Божа,
І нам дасі жыці?
А мы верым тваёй сіле
І духу жывому.
Праўда ўстане! Воля ўстане!
І табе адному
Памоляцца ўсе языкі
Вавекі і векі.
А пакуль што цякуць рэкі,
Крывавыя рэкі!..

За гарамі горы, хмарамі спавіты,
Засеяны горам, крывёю паліты!
Вось тамка міласцівы мы…
Бы тую лань у чыстым полі,
Злавілі залатую волю
Дый цкуямо… Лягло касцьмі
Людзей муштрованых нямала.
А слёз? Крыві? Ўсіх напаіць
Тут імператараў бы стала,
З дзяцьмі і ўнукамі ўтапіць
У ўдовіх слёзах… А дзявочых,
Пралітых скрытна сярод ночы?
А матчыных гарачых слёз,
А бацькавых, старых, крывавых?
Не рэкі — мора… Льецца скрозь
Крывёю мора! Слава! Слава!
Хартам, і гончым, і псарам,
І нашым бацюшкам-царам!
Слава!
І вам слава, скалы, горы,
Снягамі спавіты,
І вам, рыцарам вялікім,
Богам незабытым!
Змагайцеся, а зможаце:
Вам Бог памагае!
За вас праўда, за вас слава
І воля святая!
Чурэк і сакля — ўсё тваё:
Яно ня прошана, не дана,
Ніхто й не возьме за сваё,
Не павядзе цябе ў кайданах.
А ў нас!.. На то ж пісьменны мы,
Чытаем божыя глаголы!
І ад глыбокае турмы
Ды да высокага прастола —
Усе мы ў золаце і голы.
Да нас вучыцца! Мы наўчым,
Пачым і хлеб, і соль пачым!..
Мы хрысціяне: цэркваў ўволю,
Усё дабро, сам бог у нас!
Нам толькі сакля вочы коле:
Чаго яна стаіць у вас,
Не намі дана? Чаму вам
Чурэк жа ваш, ды вам не кінем,
Як таму псу! Чаму вы нам
Плаціць за сонца не павінны,—
Ці ж гэта ўсё!.. Мы не паганы,
Сапраўдныя мы хрысціяне —
Крыхой мы сыты! А зато,
Як бы вы з намі падружылі,
Мы шмат чаму б вас навучылі!
У нас жа й свету… Як на то —
Адна Сібір неісхадзіма!
А турм? А люду? Што й лічыць?
Ад малдаваніна да фіна
На мовах ўсіх усё маўчыць…
Бо благадзенствуе… У нас
Святую біблію чытае
Святы чарнец і навучае,
Што цар якісь-та свінні пас
Ды, ўзяўшы сабе жонку ў друга,
Забіў ён друга й, валацуга,
На небе сеў, так як і ў нас
Сядзяць на небе! Вы йшчэ цёмны,
Святым крыжом не прасвяшчоны.
Навучым мы! У нас дзяры,
Дзяры ды дай —
І проста ў рай
Хоць і радню ўсю забяры!
У нас! Чаго толькі не ўмеем?
І зоры лічым, грэчку сеем,
Французаў лаем. Прадаем
Або і ў карты прайграем
Людзей… не неграў… а такіх,
Хрышчоных жа… але прастых,
Мы не гішпаны! Крый нас Божа,
Крадзенае перакупляць,
Як гандляры: мы па закону!..

Па закону апостала
Вы любіце брата?
Суесловы, ліцамеры,
Госпадам пракляты!
Вы бо любіце на браце
Скуру, а не душу!
Дый лупіце па закону
Дочцы на кажушак,
На пасаг байстручаняці,
Жонцы на гарсэцік,
Для сябе ж — аб чым не знаюць
Ні жонка, ні дзеці!

За каго ж ты распінаўся,
Хрысце, сыне божы?
За нас, добрых, ці за слова
Ісціны? Ці можа,
Каб мы цябе асмяялі?
Яно ж так і стала!

Капліцы, храмы і іконы,
І свечкі, і кадзіла дым,
І перад вобразам тваім
Бесперапынныя паклоны —
За крадзеж, за вайну, за кроў,—
Каб братнюю праліць кроў, просяць,
І после ў дар табе прыносяць
З пажару ўкрадзены пакроў!!

Прасвяціліся!.. Ды хочам
Для другіх прасветы,
Сонца праўды паказаці
Сляпым, бачыш, дзеткам…
Ўсё пакажам! Толькі дайце
Сябе ў рукі ўзяці.
Як і турмы мураваці,
Кайданы каваці
І насіць як… І як плесці
Бізун з вузлаваццем,—
Ўсяго наўчым! Толькі дайце
Свае скалы, горы
Астатнія… бо ўжо ўзялі
І поле і мора!

І цябе загналі, мой дружа ядыны,
Якаве мой добры! Не за Украіну,
А за яе ката прыйшлося праліць
Светлую сваю кроў,— атрутай запіць —
З маскоўскае чашы атрутны напітак!
О мой дружа добры! Дружа незабыты!
Жывою душою на Ўкрайне вітай;
Лётай з казакамі па-над берагамі,
Разрыты магілы ў стэпе назірай,
Заплач з казакамі дробнымі слязамі
І мяне з няволі ў стэпе выглядай!
А пакуль што — мае думы,
Маё злое гора,
Зіяць будуць і растуць хай
Ды з ветрам гавораць…
Вецер ціхі з Украіны
Панясе з расою
Мае думы да цябе аж!..
Братняю слязою
Ты іх, дружа, прывітаеш,
Веру, не прагоніш…
І магілы, стэпы, мора,
І мяне ты ўспомніш.

1845
У Пераяславе