Перайсці да зместу

Закон Рэспублікі Беларусь «Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь»

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Закон Рэспублікі Беларусь «Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь»
Закон

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ЗАКОН РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ
26 студзеня 1990 г. N 3094-XI
АБ МОВАХ У РЭСПУБЛІЦЫ БЕЛАРУСЬ

(у рэд. Законаў Рэспублікі Беларусь ад 13.07.1998 N 187-З, ад 22.12.2005 N 76-З, ад 10.05.2007 N 225-З, ад 09.11.2009 N 51-З, ад 16.11.2010 N 190-З)

РАЗДЗЕЛ 1
АГУЛЬНЫЯ ПАЛАЖЭННІ

[правіць]

Артыкул 1. Мэты заканадаўства аб мовах у Рэспубліцы Беларусь

[правіць]

Заканадаўства Рэспублікі Беларусь аб мовах мае на мэце ўрэгуляванне адносін у галіне развіцця і ўжывання беларускай, рускай і іншых моў, якімі карыстаецца насельніцтва рэспублікі ў дзяржаўным, сацыяльна-эканамічным і культурным жыцці, ахову канстытуцыйных правоў грамадзян у гэтай сферы, выхаванне паважлівых адносін да нацыянальнай годнасці чалавека, яго культуры і мовы, далейшае ўмацаванне дружбы і супрацоўніцтва народаў.

Артыкул 2. Дзяржаўныя мовы, іншыя мовы ў Рэспубліцы Беларусь

[правіць]

У адпаведнасці з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь дзяржаўнымі мовамі Рэспублікі Беларусь з’яўляюцца беларуская і руская мовы. Рэспубліка Беларусь забяспечвае ўсебаковае развіццё і функцыянаванне беларускай і рускай моў ва ўсіх сферах грамадскага жыцця. Рэспубліка Беларусь праяўляе дзяржаўны клопат аб свабодным развіцці і ўжыванні ўсіх нацыянальных моў, якімі карыстаецца насельніцтва рэспублікі. Дзяржаўныя органы, органы мясцовага кіравання і самакіравання, прадпрыемствы, установы, арганізацыі і грамадскія аб'яднанні ствараюць грамадзянам Рэспублікі Беларусь неабходныя ўмовы для вывучэння беларускай і рускай моў і дасканалага валодання імі. Закон не рэгламентуе ўжывання моў у неафіцыйных зносінах, у зносінах членаў працоўных калектываў паміж сабой.

Артыкул 3. Права грамадзян карыстацца іх нацыянальнай мовай

[правіць]

Грамадзянам Рэспублікі Беларусь гарантуецца права карыстацца іх нацыянальнай мовай. Ім гарантуецца таксама права звяртацца ў дзяржаўныя органы, органы мясцовага кіравання і самакіравання, на прадпрыемствы, ва ўстановы, арганізацыі і грамадскія аб’яднанні на беларускай, рускай або іншай прымальнай для бакоў мове. Рашэнне па сутнасці звароту афармляецца на беларускай або рускай мове.

Артыкул 4. Абавязак кіраўнікоў, іншых працаўнікоў дзяржаўных органаў, органаў мясцовага кіравання і самакіравання, прадпрыемстваў, устаноў, арганізацый і грамадскіх аб’яднанняў валодаць беларускай і рускай мовамі

[правіць]

Кіраўнікі, іншыя працаўнікі дзяржаўных органаў, органаў мясцовага кіравання і самакіравання, прадпрыемстваў, устаноў, арганізацый і грамадскіх аб’яднанняў павінны валодаць беларускай і рускай мовамі ў аб’ёме, неабходным для выканання імі сваіх службовых абавязкаў.

Артыкул 5. Гарантыі правоў грамадзян пры разглядзе падаваемых імі дакументаў у дзяржаўныя органы, органы мясцовага кіравання і самакіравання, на прадпрыемствы, ва ўстановы, арганізацыі і грамадскія аб’яднанні

[правіць]

Дзяржаўныя органы, органы мясцовага кіравання і самакіравання, прадпрыемствы, установы, арганізацыі і грамадскія аб'яднанні павінны прымаць і разглядаць дакументы, якія падаюцца грамадзянамі на беларускай, рускай мовах. Адмова службовай асобы прыняць і разгледзець зварот грамадзяніна на беларускай, рускай мовах са спасылкай на няведанне мовы звароту цягне за сабой адказнасць у адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам.

Артыкул 6. Абарона моў

[правіць]

Усякія прывілеі ці абмежаванні правоў асобы па моўных прыметах недапушчальныя. Публічная знявага, ганьбаванне дзяржаўных і іншых нацыянальных моў, стварэнне перашкод і абмежаванняў у карыстанні імі, пропаведзь варожасці на моўнай глебе цягнуць устаноўленую законам адказнасць.

РАЗДЗЕЛ 2
МОВА ДЗЯРЖАЎНЫХ ОРГАНАЎ, ОРГАНАЎ МЯСЦОВАГА КІРАВАННЯ І САМАКІРАВАННЯ, ПРАДПРЫЕМСТВАЎ, УСТАНОЎ, АРГАНІЗАЦЫЙ І ГРАМАДСКІХ АБ’ЯДНАННЯЎ

[правіць]

Артыкул 7. Мова актаў дзяржаўных органаў і органаў мясцовага кіравання і самакіравання

[правіць]

Акты дзяржаўных органаў Рэспублікі Беларусь прымаюцца і публікуюцца на беларускай і (або) рускай мовах. Акты органаў мясцовага кіравання і самакіравання прымаюцца і публікуюцца на беларускай і (або) рускай мовах, а пры неабходнасці — і на нацыянальнай мове большасці насельніцтва той ці іншай мясцовасці.

Артыкул 8. Мова справаводства і дакументацыі

[правіць]

У Рэспубліцы Беларусь мовамі справаводства і дакументацыі, а таксама мовамі ўзаемаадносін дзяржаўных органаў, органаў мясцовага кіравання і самакіравання, прадпрыемстваў, устаноў, арганізацый і грамадскіх аб’яднанняў з'яўляюцца беларуская і (або) руская мовы. Тэксты на пячатках, штампах, штэмпелях, фармулярах, афіцыйных бланках дзяржаўных органаў, органаў мясцовага кіравання і самакіравання, прадпрыемстваў, устаноў, арганізацый і грамадскіх аб’яднанняў выконваюцца на беларускай і (або) рускай мовах.

Артыкул 9. Мова тэхнічнай і праектнай дакументацыі

[правіць]

Тэхнічная і праектная дакументацыя ў Рэспубліцы Беларусь рыхтуецца на беларускай або рускай мове, а з улікам прызначэння — на іншай мове.

Артыкул 10. Мова дакументаў аб статусе грамадзян Рэспублікі Беларусь

[правіць]

Афіцыйныя дакументы, якія сведчаць статус грамадзяніна, — пашпарт грамадзяніна Рэспублікі Беларусь, дыпламатычны і службовы пашпарты грамадзяніна Рэспублікі Беларусь, працоўная кніжка, дакументы аб адукацыі, пасведчанні аб нараджэнні, шлюбе, а таксама дакументы аб смерці асобы - выконваюцца на беларускай і (або) рускай мовах, а асобныя дакументы пры неабходнасці - на беларускай (рускай) і іншай мовах.

Артыкул 11. Мова з'ездаў, канферэнцый і іншых форумаў

[правіць]

У Рэспубліцы Беларусь рабочымі мовамі з’ездаў, сесій, канферэнцый, пленумаў, пасяджэнняў, нарад, іншых сходаў з'яўляюцца беларуская і (або) руская мовы. Рабочай мовай міжнародных сходаў і форумаў, якія праводзяцца на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, з’яўляецца мова, вызначаная ўдзельнікамі сходу ці форуму. Удзельнікам мясцовых, рэспубліканскіх і міжнародных сходаў і форумаў гарантуецца права выбіраць мову выступленняў з забеспячэннем перакладу на рабочую мову.

Артыкул 12. Мова дакументаў па выбарах дэпутатаў і іншых асоб, выбіраемых на дзяржаўныя пасады народам

[правіць]

Дакументацыя па выбарах дэпутатаў і іншых асоб, выбіраемых на дзяржаўныя пасады народам, афармляецца на беларускай або рускай мове. Выбарчыя бюлетэні друкуюцца на беларускай або рускай мове.

Артыкул 13. Мова ў сферы абслугоўвання

[правіць]

На транспарце, у гандлі, у сферы медыцынскага і бытавога абслугоўвання ўжываецца беларуская або руская мова, а пры неабходнасці — іншыя мовы.

Артыкул 14. Мова судаводства

[правіць]

У Рэспубліцы Беларусь судаводства вядзецца на беларускай або рускай мове. Пры разглядзе ў судах крымінальных і грамадзянскіх спраў, гаспадарчых спрэчак асобам, што прымаюць удзел у справе і не валодаюць мовай судаводства, забяспечваюцца права азнаямлення з адпаведнымі матэрыяламі, удзел у судовых дзеяннях праз перакладчыка, права выступаць у судзе на мове, якой яны валодаюць. Следчыя і судовыя дакументы выдаюцца асобам, што прымаюць удзел у справе, па іх патрабаванню ў перакладзе на мову, якой яны валодаюць.

Артыкул 15. Мова вядзення спраў аб адміністрацыйных правапарушэннях

[правіць]

Вядзенне спраў аб адміністрацыйных правапарушэннях у Рэспубліцы Беларусь ажыццяўляецца на беларускай або рускай мове. Калі асоба, што прыцягваецца да адміністрацыйнай адказнасці, не валодае мовай, на якой вядзецца справа, яна можа выступаць на роднай мове і карыстацца дапамогай перакладчыка.

Артыкул 16. Мова натарыяльнага справаводства

[правіць]

Натарыяльнае справаводства ў Рэспубліцы Беларусь вядзецца на беларускай або рускай мове. Калі асоба, якая звярнулася за выкананнем натарыяльнага дзеяння, не валодае мовай, на якой вядзецца натарыяльнае справаводства, пераклад тэксту дакумента, які афармляецца, ажыццяўляецца ў адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь аб натарыяце.

Артыкул 17. Мова пракурорскага нагляду

[правіць]

Акты пракурорскага нагляду ў Рэспубліцы Беларусь складаюцца на беларускай або рускай мове. Пры ажыццяўленні пракурорскага нагляду на гэтых мовах вядзецца і перапіска з усімі дзяржаўнымі органамі, органамі мясцовага кіравання і самакіравання, прадпрыемствамі, установамі, арганізацыямі і грамадскімі аб’яднаннямі, размешчанымі на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь. У зносінах з органамі пракуратуры, пракурорскага нагляду іншых дзяржаў выкарыстоўваецца прымальная для бакоў мова.

Артыкул 18. Мова юрыдычнай дапамогі

[правіць]

Юрыдычная дапамога грамадзянам і арганізацыям аказваецца на беларускай ці рускай мове або на прымальнай для бакоў мове.

Артыкул 19. Мова міжнародных дагавораў

[правіць]

Міжнародныя дагаворы Рэспублікі Беларусь заключаюцца: на беларускай і (або) рускай мовах і мове (мовах) другога боку дагавора; на беларускай і рускай мовах, а таксама на мове трэцяга боку, выкарыстоўваемай у якасці даведачнай; па дамоўленасці бакоў на мове трэцяга боку.

Артыкул 20. Мова ва Узброеных Сілах Рэспублікі Беларусь, іншых войсках і вайсковых фарміраваннях Рэспублікі Беларусь

[правіць]

Ва Узброеных Сілах Рэспублікі Беларусь, іншых войсках і вайсковых фарміраваннях Рэспублікі Беларусь ужываюцца беларуская і (або) руская мовы.

РАЗДЗЕЛ 3
МОВА АДУКАЦЫІ, НАВУКІ І КУЛЬТУРЫ

[правіць]

Артыкул 21. Права на выхаванне і атрыманне адукацыі на нацыянальнай мове

[правіць]

Рэспубліка Беларусь гарантуе кожнаму жыхару неад'емнае права на выхаванне і атрыманне адукацыі на беларускай або рускай мове. Гэта права забяспечваецца сістэмай дашкольных, агульнаадукацыйных устаноў, устаноў, якія забяспечваюць атрыманне прафесійна-тэхнічнай, сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай адукацыі, спецыяльных устаноў адукацыі і сацыяльна-педагагічных устаноў. Права на выхаванне і атрыманне адукацыі на роднай мове маюць і асобы іншых нацыянальнасцей, якія жывуць у рэспубліцы. Кіраўнікі і іншыя супрацоўнікі сістэмы адукацыі павінны валодаць беларускай і рускай мовамі.

Артыкул 22. Мова навучання і выхавання ў дашкольных і сацыяльна-педагагічных установах

[правіць]

У Рэспубліцы Беларусь навучанне і выхаванне ў дашкольных і сацыяльна-педагагічных установах ажыццяўляюцца на беларускай і (або) рускай мовах. У адпаведнасці з пажаданнямі выхаванцаў і іх законных прадстаўнікоў па рашэнню мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў, узгодненаму з Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь, могуць стварацца групы ў дашкольных установах або дашкольныя ўстановы, у якіх навучанне і выхаванне ажыццяўляюцца на мове нацыянальнай меншасці або вывучаецца мова нацыянальнай меншасці.

Артыкул 23. Мова навучання і выхавання, вывучэнне моў у агульнаадукацыйных установах

[правіць]

У Рэспубліцы Беларусь навучанне і выхаванне ў агульнаадукацыйных установах ажыццяўляюцца на беларускай і (або) рускай мовах. У агульнаадукацыйных установах вывучэнне дзяржаўных моў Рэспублікі Беларусь, а таксама адной з замежных моў з'яўляецца абавязковым, за выключэннем асобных катэгорый асоб з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Катэгорыі асоб з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця і парадак вывучэння імі дзяржаўных і замежнай моў устанаўліваюцца заканадаўствам Рэспублікі Беларусь аб спецыяльнай адукацыі. Парадак вывучэння беларускай і (або) рускай моў вучнямі, якія часова знаходзяцца на тэрыторыі рэспублікі, устанаўліваецца Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь. Асноўная мова навучання (беларуская або руская) вызначаецца заснавальнікам агульнаадукацыйнай установы з улікам пажаданняў вучняў і іх законных прадстаўнікоў. Абавязковая для вывучэння замежная мова вызначаецца заснавальнікам агульнаадукацыйнай установы з улікам патрабаванняў дзяржавы і магчымасцей установы адукацыі. У адпаведнасці з пажаданнямі вучняў і іх законных прадстаўнікоў па рашэнню мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў, узгодненаму з Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь, могуць стварацца класы ў агульнаадукацыйных установах або агульнаадукацыйныя ўстановы, у якіх навучанне і выхаванне ажыццяўляюцца на мове нацыянальнай меншасці або вывучаецца мова нацыянальнай меншасці.

Артыкул 24. Мова навучання і выхавання ва ўстановах, якія забяспечваюць атрыманне прафесійна-тэхнічнай, сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай адукацыі

[правіць]

У Рэспубліцы Беларусь навучанне і выхаванне ва ўстановах, якія забяспечваюць атрыманне прафесійна-тэхнічнай, сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай адукацыі, ажыццяўляюцца на беларускай і (або) рускай мовах. Ва ўстановах, якія забяспечваюць атрыманне вышэйшай адукацыі, навучанне і выхаванне таксама могуць ажыццяўляцца на іншых мовах пры атрыманні адукацыі замежнымі грамадзянамі. Беларуская мова ва ўстановах, якія забяспечваюць атрыманне прафесійна-тэхнічнай, сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай адукацыі, вывучаецца незалежна ад іх падпарадкаванасці і форм уласнасці.

Артыкул 25. Мова ў сферы навукі

[правіць]

У Рэспубліцы Беларусь вынікі навукова-даследчых работ афармляюцца на беларускай або рускай мове. Выканаўцы навукова-даследчых работ могуць выбіраць мову публікацый навуковых вынікаў.

Артыкул 26. Мова ў сферы культуры

[правіць]

У Рэспубліцы Беларусь мовамі ў сферы культуры з’яўляюцца беларуская і (або) руская мовы. Гарантуецца захаванне і развіццё культуры на мовах іншых народаў, прадстаўнікі якіх жывуць у рэспубліцы.

РАЗДЗЕЛ 4
МОВА ІНФАРМАЦЫІ І СУВЯЗІ

[правіць]

Артыкул 27. Мова сродкаў масавай інфармацыі

[правіць]

У Рэспубліцы Беларусь мовамі сродкаў масавай інфармацыі з'яўляюцца беларуская і (або) руская, а таксама мовы іншых народаў, прадстаўнікі якіх жывуць у рэспубліцы. У сродках масавай інфармацыі не дапускаецца скажэнне агульнапрынятых норм выкарыстоўваемай мовы.

Артыкул 28. Мова работы пошты і тэлеграфа

[правіць]

У межах Рэспублікі Беларусь паштова-тэлеграфная карэспандэнцыя ад грамадзян, дзяржаўных органаў, органаў мясцовага кіравання і самакіравання, прадпрыемстваў, устаноў, арганізацый і грамадскіх аб'яднанняў прымаецца на беларускай або рускай мове. Пошта і тэлеграф забяспечваюцца маркамі, канвертамі, паштоўкамі, бланкамі і г.д., надпісы на якіх выконваюцца на беларускай або рускай мове і адпавядаюць патрабаванням актаў Сусветнага паштовага саюза і Міжнароднага саюза электрасувязі.

Артыкул 29. Мова аб'яў, паведамленняў і рэкламы

[правіць]

Тэксты афіцыйных аб'яў, паведамленняў, плакатаў, афіш і іншай інфармацыі выконваюцца на беларускай і (або) рускай мовах. Рэклама размяшчаецца (распаўсюджваецца) на беларускай і (або) рускай мовах. Гэта палажэнне не распаўсюджваецца на рэкламу, што размяшчаецца (распаўсюджваецца) на радыё, тэлебачанні ці ў друкаваных выданнях, якія ажыццяўляюць дзейнасць выключна на замежных мовах, рэкламу зарэгістраваных таварных знакаў і (або) знакаў абслугоўвання, а таксама на рэкламу, што змяшчае агульнапрынятыя замежныя тэрміны і абазначэнні, якія ўвайшлі ў прымяненне ў арыгінальным напісанні і не маюць абазначэння на беларускай і (або) рускай мовах, або запрашэнне на работу ці вучобу асоб, якія свабодна валодаюць замежнымі мовамі. У рэкламе дапускаецца выкарыстанне разам з беларускай і (або) рускай мовамі замежнай мовы пры ўмове ідэнтычнасці па зместу і тэхнічнаму афармленню тэксту на замежнай мове тэксту на беларускай і (або) рускай мовах.

Артыкул 30. Мова маркіроўкі тавараў

[правіць]

Маркіроўка тавараў, этыкеткі на таварах, інструкцыі па карыстанню таварамі выконваюцца на беларускай або рускай мове. Маркіроўка тавараў, прызначаных на вываз за межы Рэспублікі Беларусь, выконваецца на беларускай ці рускай мове або на мове заказчыка. Назвы ў таварных знаках падаюцца на беларускай або рускай мове.

РАЗДЗЕЛ 5
МОВА НАЗВАЎ (НАЙМЕННЯЎ)

[правіць]

Артыкул 31. Мова назваў дзяржаўных органаў, органаў мясцовага кіравання і самакіравання, прадпрыемстваў, устаноў, арганізацый і грамадскіх аб’яднанняў

[правіць]

Афіцыйныя назвы дзяржаўных органаў, органаў мясцовага кіравання і самакіравання, прадпрыемстваў, устаноў, арганізацый і грамадскіх аб’яднанняў даюцца на беларускай і (або) рускай мовах. Пры неабходнасці гэтыя назвы могуць давацца ў перакладзе на іншую мову.

Артыкул 32. Мова тапонімаў і картаграфічных выданняў

[правіць]

У Рэспубліцы Беларусь тапонімы (найменні населеных пунктаў, адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак, вуліц, плошчаў, рэк і г.д.) даюцца на беларускай мове, з якой спосабам транслітарацыі перадаюцца на рускую мову. Найменні геаграфічных аб’ектаў, якія знаходзяцца па-за межамі Рэспублікі Беларусь (акрамя геаграфічных аб’ектаў, адкрытых беларускімі даследчыкамі), перадаюцца з іншых моў на беларускую і рускую мовы ў адпаведнасці з традыцыяй іх напісання на мове арыгінала, а змененыя або новыя - у транслітарацыі з мовы арыгінала. Картаграфічныя выданні, прызначаныя для карыстання ў Рэспубліцы Беларусь, рыхтуюцца і друкуюцца на беларускай або рускай мове.

Артыкул 33. Мова асабовых імён

[правіць]

Беларускія (рускія) асабовыя імёны і прозвішчы ўжываюцца ў адпаведнасці з нацыянальнай іменаслоўнай традыцыяй, нормамі і правіламі беларускай (рускай) мовы. Асабовыя імёны і прозвішчы з іншых моў пішуцца і ўжываюцца на беларускай (рускай) мове ў адпаведнасці з правіламі перадачы іншамоўных уласных імён.

РАЗДЗЕЛ 6
САДЗЕЙНІЧАННЕ НАЦЫЯНАЛЬНА-КУЛЬТУРНАМУ РАЗВІЦЦЮ ЭТНІЧНЫХ БЕЛАРУСАЎ, ЯКІЯ ЖЫВУЦЬ ЗА МЕЖАМІ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ

[правіць]

Артыкул 34. Садзейнічанне нацыянальна-культурнаму развіццю этнічных беларусаў, якія жывуць за межамі Рэспублікі Беларусь

[правіць]

Рэспубліка Беларусь на аснове пагадненняў з іншымі дзяржавамі садзейнічае нацыянальна-культурнаму развіццю этнічных беларусаў, якія жывуць у гэтых дзяржавах. Рэспубліка Беларусь у адпаведнасці з нормамі міжнароднага права садзейнічае задавальненню нацыянальна-культурных інтарэсаў асоб беларускага паходжання, якія жывуць у замежных краінах.

Старшыня Прэзідыума
Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь М.Дземянцей

Сакратар Прэзідыума
Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь Л.Сыраегіна

Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў Беларусі (а таксама ў ЗША), бо, паводле беларускага заканадаўства, афіцыйныя дакументы (законы, судовыя рашэнні, іншыя тэксты заканадаўчага, адміністрацыйнага і судовага характару), а таксама іх афіцыйныя пераклады, дзяржаўныя знакі (сцяг, герб, гімн, ордэны, грашовыя і іншыя знакі), не з’яўляюцца аб’ектамі аўтарскіх правоў (арт. 7 Закона Рэспублікі Беларусь ад 17 мая 2011 года № 262-З «Пра аўтарскае права і сумежныя правы»).


Падрабязней гл. у дакументацыі.