Перайсці да зместу

Да спакою

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Да спакою
Публіцыстыка
Аўтар: Язэп Лёсік
Крыніца: Упершыню — газ. «Вольная Беларусь», 30 ліпеня 1917 г.; Лёсік Язэп. Творы. Апавяданні. Казкі. Артыкулы — Мінск: Мастацкая літаратура, 1994. — 335 с. — (Спадчына).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




У гэтым нумары нашае газеты чытальнікі знойдуць адозву Украінскай Цэнтральнай Рады да свайго народу, у якой яна, маючы на ўвазе пасуванне немцаў на Валынь і Падольшчыну, заклікае ўсіх быць спакойнымі, не пакідаць сваіх родных сяліб і заставацца на месцы. Цэнтральная Рада, са свайго боку, дакляруе зрабіць усё ад яе залежнае, каб не нішчыліся дарэмна гарады, сёлы і вёскі, каб асталося ў людзей тое, што ім патрэбна, каб не парушаўся парадак, і што яна, Рада, будзе дапамагаць і бараніць людзей пад час пераходу яго да рук ворага. «Мы пэўны, — піша ад імені Рады Генеральны Сакратарыят, — што рэвалюцыйнае народнае войска, расійскае і ўкраінскае, не папусціць на паталу нашай Украіны, і вораг скора спыніцца, а потым пойдзе назад.

Але мы павінны быць гатовымі да ўсяго і мець сілу, каб перажыць цяжкі час вайны… Грамадзяне, не давайце веры тым, хто злачынна будзе клікаць вас пакідаць сваю зямлю».

Там, на братняй Украіне, ёсць каму патурбавацца аб сваім народзе: там украінскі народ, не гледзячы на перашкоды, здолеў стварыць у сябе сваю краёвую арганізацыю, як Цэнтральная Рада, каторай даручыў узяць справы свайго роднага краю ў свае ўласныя рукі. Там народ не слухае брахні ворагаў сваіх і не пабаяўся цяпер жа, у час вайны, парупіцца аб сваёй долі, цвёрда памятаючы, што калі сам сабе не паможаш, дык ніхто чужы не паспагадае і не дапаможа.

Адно ў нас, на Беларусі, нічагутка няма. Заштурханы, збэшчаны народ беларускі і да гэтага часу блудзіць па цемры, не ведаючы, куды пайсці, што рабіць, куды прыхіліцца. Народ наш і да гэтага часу прымае ворага за прыхільніка, а прыхільніка за ворага і не можа ўцяміць, нябога, што трэба скінуць гэтую агідную апёку чужынцаў, прагнаць ад сябе няпрошаных парадчыкаў з расійскага і польскага боку, ды стаць на ўласны грунт, узяўшы сваю беларускую справу ў свае беларускія рукі. Толькі тады адкрыюцца вочы яму, праясніцца цемра і шырока расхіліцца той жаданы шлях лепшай долі, што вядзе ў гмах лепшай светлай будучыні. Расійскія парадчыкі ўсялякага стану і праканання падавалі народу нашаму многа бліскучых абяцанак, але трэ дакаціцца хвілі ваеннай калатніны да нашай зямлі, каб яны паўцякалі адгэтуль, кінуўшы народ на ласку Божую. А мо ці не думаюць яны, уцякаючы самі ад немца, павалаць і народ наш за сабою? Дык не будзе гэтага! Цяпер народ не паслухае іх. Першы раз, за часы цара Мікалая ІІ, яго прымусам, сіламоц выганялі з родных зямель, сёл і гарадоў ды расцярушвалі па Сібіры і Расіі на здзек, пагарду і галодную смерць на чужыне. Мы добра памятаем, як раз’юшаныя казакі адсякалі рукі старэнькім дзядам нашым, каторыя, абхапіўшы ў абоймы вушакі Хаткаў сваіх, Хрыстом-Богам упрашалі аставіць іх дома. Усе мы ведаем, колькі перамёрла людзей ад холаду, голаду і пошасці. Усе мы добра памятаем, колькі гора, слёз і пакуты зазналі ўцекачы-беларусы, як цяжка ім было хіляцца па дарогах, пад плотам і чужых хатах. Цяпер не будзе гэтага.

Вас, расійскія сацыялісты і дэмакраты, чакае пачэсная праца ў сябе дома. Едзьце дамоў, накарміце там уцекача-беларуса, абагрэйце яго, прывітайце як брата і дайце яму прытулак. Паедзьце дадому і расталкуйце землякам вашым, што нягожа сустрачаць няшчасных абяздольных людзей каламі, лямантам і лаянкай, як рабілася гэта ў 1915 годзе. Едзьце дадому, а гэта абыдзецца і без вашай чужынскай няшчырай фатыгі.

Пара народу нашаму зразумець, што няхай будзе хто тройчы сацыялістам і дэмакратам, а калі ён не шануе нас і мовы нашай, калі не рахуецца з нашым нацыянальным гонарам, калі топча культуру нашу, калі хоча зрабіць з нас Маскалёў (расійцаў) ці палякаў, заклікаючы да Масквы або да Варшавы, дык ён вораг наш, вораг нашае беларускае зямлі і волі. Хто хоча працаваць на карысць народу нашага, той павінен звяртацца да яго на яго роднай мове, дбаць пра развіццё нашай культуры, пашыраць нашу літаратуру і абуджаць у беларусаў яго свядомасць нацыянальную і грамадзянскую. Хто гэтага не разумее або не хоча разумець, той вораг наш і вораг прагрэсу агульначалавечага.

Ды адкінем з пагардай няшчырыя парады чужынцаў, будзем цвёрдымі, поўнымі веры і надзеі ў лепшую долю, і які б лёс не спаткаў нас у гэты крывавы час ваеннай калатніны, мы павінны быць спакойнымі і заставацца дома. Там, на непрыветнай чужыне, чакае нас холад і голад, пагарда, здзек і нават смерць, а гэтага, дома, мы мецімем хоць уласны прытулак, свой родны куток і сапачынак. Не будзем слухаць тых, хто стане валаць нас да ўцякання, «не давайма веры тым, хто злачынна будзе клікаць пакідаць сваю зямлю».