Вялікае апрашчэньне ці вялікае ўдасканаленьне?
Вялікае апрашчэньне ці вялікае ўдасканаленьне? Аўтар: Аляксандар Цьвікевіч 1925 Крыніца: [1] |
Прадмова
[правіць]Алесь Галынец закрануў дужа балючае для кождага стара-беларускага інтэлігента, выхаванага не ў беларускай нацыянальнай школе, пытаньне: што такое беларускі рух — крок назад, ці крок наперад? — працуючы над беларускім адраджэньнем, ці мы апрашчаемся; ці совершенствуемся (удасканаліваемся)?
Старая беларуская інтэлігенцыя, абмаскаленая або апалячаная праз чужую школу і антыбеларускае выхаваньне, ня ведае ні беларускае мовы, ні гісторыі і глядзіць на беларускі рух не беларускімі вачыма, а вачыма сваіх вучыцялёў, расейскіх або польскіх шавіністых.
Аўтар спакойна, крок за крокам, разглядае і разьбівае ўсе довады расейцаў і палякаў, выказываемыя імі і паўторываемыя стара-беларускай здэнацыяналізаванай інтэлігенцыяй, супроць беларускага адраджэнчага руху.
Для новай беларускай інтэлігенцыі, з захопленьнем працуючай над беларускім адраджэньнем, і для беларускае моладзі, выхаванай у сваей беларускай школе, ужо адпалі пытаньня аб тым, ці мае беларускі народ права на сваю мову, на сваю культуру і на сваю дзяржаўнасьць. Такіх пытаньняў наша пакаленьне і пакаленьне намі выхоўваемае ўжо сабе ня ставіць. Беларускі народ жыве,- знача мае права і на мову, і на экономічны дабрабыт і на дзяржаўнасьць. Наш абавязак дапамагаць упарадкаваньню ягонага жыцьця ва ўсіх гэтых кірунках.
З вышэйсказанага відаць, што кніжка А. Галынца пісана не для сучаснага падрастаючага і будучага пакаленьняў — хаця-ж і для іх яна вельмі цікавая,- але для таго пакаленьня нашае інтэлігенцыі, што ўжо дажывае свой век. Вярнуць іх, абаламучаных расейцамі і палякамі, да беларускага народу, да беларускае справы; зрабіць з гэтых «блудных сыноў» запраўдных сыноў Беларусі — вось якія мэты ставіць сабе А. Галынец.
У нас у Латвіі, дзе беларускі рух толькі-толькі пачынаецца і дзе так многа бачымо мы беларускіх інтэлігентаў працуючых не з намі, а з расейцамі і палякамі, і часта-густа супроць нас, — кніжка А. Галынца набывае асаблівую цікавасьць. Друкуючы яе, мы жадаемо, каб яна павярнула ў нашы шэрагі ўсіх нерашучых і хістаючыхся, што да гэтага часу чагосьці чакаюць, трымаюцца па-дзіцячаму за расейскі або польскі падол і ўсё яшчэ не адважваюцца зрабіць рашучы крок да беларускага народу і ягонага адраджэнчага руху.
Наша ўсьвядомленая інтэлігенцыя і наша надзея — моладзь хай выкарыстаюць гэтую кніжку для глыбейшага самаўсведамленьня, а таксама і як добрую зброю супроць нападкаў на наш рух з боку ворагаў беларускага нацыянальнага рэнэсанса (адраджэньня).
5 чэрвеня 1926 году. Рыга.
К. Езавітаў.
I. Сялянства захопліваецца беларускім рухам
[правіць]Пропаведзь ідэі нашага нацыянальнага вызваленьня, як даецца заўважыць за увесь час яго разьвіцьця, мае не ў параўнаньню большы посьпех сярод простага сялянскага люду, чым сярод інтэлігенцыі. У той час, як адраджэнскі рух захопліваець сялянства цэлымі вёскамі і паветамі, у той час, як сялянства ідзе ў рух масай, — у той самы час інтэлігенцыя зацягваецца ў працу паволі, інтэлігенцкія сілы прыходзяць адзінкамі. Прычына падобнага зьявішча ляжыць ня толькі ў лічэбнай перавазе сялянскіх мае, з якіх тысячы прыпадвюць на аднаго інтэлігента, прычына тут ляжыць глыбей. Справа ў тым, што простая народная маса з прыняцьцем нацыянальнай адраджэнскай ідэолегіі ня толькі нічога ня траціць, але, наадварот, нешта набывае. Ідэя нацыянальнага адраджэньня даець у рукі беларускага селяніна надзвычайна цэнны засаб — знайсьці самаго сябе, акрэсьліць свой твар, адчуць сябе ня толькі чалавекам, але і грамадзянінам. Пропаведзь ідэі нацыянальнага адраджэньня зьяўляецца для яго толькі першым крокам, першым штуршком дзеля галоўнейшага — дзеля пазнаньня самаго сябе. На гэтым шляху, зазвычай, беларускаму селяніну німа значных перашкод. Знайходзючы «самога сябе», яму ня трэба ламаць сябе, перакручвацца і перавучывацца на новы лад. Ен заўсёды быў і заставаўся тым, чым ёсьць — беларускім селянінам. Як да прыняцьця ідэй нацыянальнага адраджэньня, так і пасьля падобнага прыняцьця, — ён застаецца сам сабой з галавы да пятак, бо нічога чужога, небеларускага ў ім няма;
Інтэлігенцыя страціла нацыянальны твар Ня то інтэлігенцыя: у большасьці сваей яна страціла свой нацыянальны твар, адыйшла ад самага паветра беларускага жыцьця і ў працэсе набыцьця чужое (расейскае ці польскае) культуры згубіла свае асобнасьці, як інтэлігенцыі беларускай. Разам са стратай беларускіх нацыянальных асаблівасьцяў інтэлігенцыя набыла, хоць і ў няпоўнай меры, хоць і ў падменяным выглядзе, асаблівасьцяў чужых, духа чужога, выйшла з міра беларускага ў мір расейскі ці польскі. У пераважаючай большасьці гэты новы, хоць па істоце чужы, мір яе задавальняе, і яна з нехацьцю ставіцца да спроб адмовіцца ад чужога і павярнуцца да свайго. Яна ня хоча самаахвоць адмаўляцца ад таго, што ўжо ёсьць і йсьці на здабыцьцё таго новага, чаго яшчэ німа. Інтэлігенцыя ў гэтым сэнсе і ляніва, і рэтроградна, і опортуністычна; яна ня хоча выходзіць з таго душэўнага супакою, з таго спэцыфічна — інтэлігенцкага духовага камфорту, які даецца ей прыналежнасьцю да высокай, хоць і чужой культуры. Пашто ёй ламаць сябе, перакручвацца, хоць бы не ў аснове сваёй (беларускай), а нат у паверху сваім (чужым), пашто нанова вучыцца і пускацца ў бурнае мора новых шуканьняў, калі тое, што ёсьць,- зусім здавальняе.
Падобная пасіўнасьць, і пасіўнасьць у істоце варожая, творыць перашкоду пропаведзі нацыянальных ідэй сярод інтэлігенцыі.
Актыўная варожасьць і змаганьне з адраджэнчым рухам Другая варожасьць — варожасьць актыўная, варожасьць, што родзіцца не духовым опортунізмам, але крытычнай сьвядомасьцю, што мае сваім карэньнем ня толькі жаданьне захаваць свой душэўны супакой, але і апраўдаць яго, жаданьне апраўдаць тое, што ёсьць, і абвінаваціць, спыніць тое, што яшчэ толькі нараджаецца, мае нарадзіцца. У зьвязку з гэтым жаданьнем апраўдаць сваё становішча ў стасунку да нацыянальнэй ідэі, інтэлігенцыя сустракаець пропаведзь яе контр-прапагандай, шэрагам контр-пытаньняў, творыць адпаведную тэорыю, мэтай якой ёсьць давесьці, што нацыянальнае адраджэньне Беларусі ёсьць крок назад, а не крок наперад, што гэта ёсьць зьявішча культурнага рэгрэсу і што дзеля гэтага да беларускага адраджэньня трэба ставіцца гэтак жа нэгатыўна, як і да ўсялякага іншага соцыяльнага зла.
Довады ворагаў аб непатрэбнасьці беларускага адраджэньня
[правіць]«Культура — адзіна!» Зьмест падобнай інтэлігенцкай тэорыі агульнавядомы: культура адзіна, кажа інтэлігент, адзіна на ўсіх мовах. Культура па істоце сваёй інтэрнацыянальна. Адзіна яна і інтэрнацыянальна ня формай сваей, а зьместам. І цэнна яна таксама ня формай, у якой даецца, а сваім зьместам. Сучасная культура вядзе да агульналюдзкасьці, і толькі тыя. элемэнты культуры, якія вядуць да агульналюдзкасьці, вызнаюцца прагрэсам; усе іншыя — рэгрэсам. Форма, у якой робяцца новыя культурныя заваяваньня, і як форма, мова,- ня маюць істотнаго значэньня для поступу агульналюдзкае цывілізацыі. Калі хочаце, ярыцца элемэнтарны інтэлігент, асабліва «марксысцкага кірунку»- мова зьяўляецца чымсь часовым, а рожнасьць моў — перашкодай на шляху нашае культуры. Рожнасьць моў — гэта сваей адмены праклён на род чалавечы, крыніца войн, нянавісьці, бязупыннага і бясплоднага змаганьня адных плямён з другімі. Мудрая гісторыя з бабілонскай вежай — мэтафорычны абраз немагчымасьці для людзкасьці дасягнуць неба, узыйсьці на горнія вяршыны надчалавечага і наднацыянальнага, дзякуючы ласьне «зьмяшзньню языкаў». І таму трэба з гэтым «зьмяшэньнем» змагацца, можна і трэба імкнуцца да адзінамоўнасьці.
«Ня трэба навінаў! Даволі таго зла, што ўжо істнуе!» Апошняе цьверджаньне — ідэал, спаведаць які ў сілах ня кожны інтэлігент. Гэткі «конскі» космополітызм характэрны толькі для асоб, што даводзяць свае думкі да апошняга, хоць бы і абсурднага канца. Сярэдні інтэлігент пужаецца гэткіх вывадаў,- і зноў-такі з мяркаваньняў супакою — як свайго, так і сваіх бліжэйшых патомных. Бо і гэтае скрайняе вызнаньне пагражае яму тымі-жа самымі непрыемнасьцямі: здабываньнем чагосьці новага і незнаёмага. Згаджаючыся з гэтакім космопалітычным вызнаньнем у прынцыпе, і адсоўваючы магчымасьць зьдзейсьненьня яго ў неакрэсьляна далёкую будучыну, з якой ён не адчувае ніякай сувязі, як, прыкладам, не адчувае чалавек небясьпекі сьмерці, якая здаецца яму неакрэсьляна далёкай, сярэдні інтэлігент пераносіць пытаньне аб нацыянальным адраджэньні ў плашчыню дпя сябе больш знаёмую і практычную. Ён кажа: Тое, што ёсьць — рожнаадменнасьць моў,- я вызнаю злом, але злом, якое і зноў-такі ўжо істнуець. Аднак маё вызнаньне ўжо істнуючага зла ня значыць, што я вызнаю права на зьяўленьне новага, лішняга зла. Даволі таго, што ёсьць, даволі, што людзкасьць гавора на ста мовах! Няўжо — ж добра, калі да гэтых ста моў дадасца яшчэ сто першая. Я згодзен, — кажа інтэлігент, як бы робячы ўступку нацыянальнаму пачуцьцю,- што мінулае, стварыўшае гэтых сто моў, не тварылася дабром: магчыма, што падчас вытварэньня гэтых моў было больш гвалту, чым добрай волі. Але пашто павялічваць лік гвалтаў у мінулым новым гвалтам у сучаснасьці? Пашто тварыць новую 101-шую беларускую мову, вырабляць яе, апрацоўваць, калі тое, што ёсьць, — зусім даволі?"
«Ня трэба беларускае нацыянальнае рэвалюцыі!» «Я магу згадзіцца, — кажа інтэлігент,- што сучасная расейская (эвэнтуальна — польская) культура і літэратура разьвівалісь і дасягнулі свайго сучаснаго значэньня за кошт беларусаў і ўкраінцаў. Але няўжо-ж толькі таму, што ў адгучэўшым жыцьцю нашых дзядоў і прадзедаў мела месца калечаньне жывога жыцьця, няўжо-ж толькі таму мы павінны калечыць сябе, сваіх дзяцей і нашчадкаў? Бо тое, — цьвердзіць інтэлігент, — да чаго імкнецца беларуская нацыянальная ідэолёгія, тая рэвалюцыя ў псыхіцы, культуры, палітычным ладзе народаў, якая гэтай ідэолёгіяй выклікаецца, — усё гэта ёсьць чародны, нічым не апраўданы гвалт над жыцьцём. Для падобнае нацыянальнае рэвалюцыі німа, па пераконаньню інтэлігента, нават таго апраўданьня, якое маець рэвалюцыя палітычная ці соцыяльная. Кожная рэвалюцыя ёсьць так сама гвалт над стварыўшымся ўкладам жыцьця; але гэта ёсьць гвалт над благім, над зьмярцьвелым. Над тым, што тамусіць разьвіцьцё чалавека, грамады, клясы — урэшці, усяе дзяржавы. Замест старага ладу рэвалюцыя ставіць новы лад, усё трупехлае яна замяняе здаровым і маладым. Пра нацыянальную беларускую рэвалюцыю, па пераконаньню здэнацыяналізаванага інтэлігента, гэтага сказаць нельга, бо прад тым трэба было-б давесьці, што расейская ці польская культуры, як гэткія, ёсьць зьявішчы дрэнныя, няжыцьцёвыя, падлягаючыя знішчэньню. А заявіць нешта падобнае ня хопіць адвагі нават самаму пераконанаму нацыяналісту. І таму падобную „нацыянальную рэвалюцыю“ трэба назваць не рэвалюцыяй, а бунтам, — бунтам, выкліканым не сьвядомасьцю ісьціны, а шавіністычнай злобай; бунтам некультурных, халопскіх станаў, ня здолеўшых падняцца да ўразуменьня фактаў гісторыі».
«Невядома яшчэ, што дасьць беларускае адраджэньне!»
«Да ўсяго, — упарта цьвердзіць інтэлігент, — зусім не вядома, ці прынясе наагул беларуская нацыянальная рэвалюцыя якія-небудзь дасягненьня, якія-небудзь новыя заваяваньня культуры, і ці ня будзе яна чыстым мінусам, які толькі павялічыць хаос, узьнікшы пасьля Вялікай вайны. Плюс, аб якім гавора адраджэнская ідэолёгія, яшчэ загадка, а тая руйнацыя, якую яна прыносіць з сабой з першых дзён сваіх народзін, — факт вочавісты. Пакуль беларускае нацыянальнае адраджэньне стане фактарам прогрэсу ў новай форме, — яно наробіць занадта шмат шкоды, каб можна было згадзіцца на гэткую рызыку!».
«Куды практычней зрабіцца ангельцамі!»
З аднаго боку — страх. З другога боку, тое, што прапануець нацыянальная ідэолёгія, здаецца большасьці здэнацыяналізаванай інтэлігенцыі на Беларусі ўпрост непрактычным і нелёгічным. Калі нам прапануюць, — кажуць яны, — адрачыся ад таго, што ёсьць, і перэтварыцца на нешта новае — беларускае, — дык у шмат разоў карысьней для нас і для ўсяго чалавецтва, калі-б мы зьмянілі горшае на лепшае, недасканалае на дасканалае. Калі-б нам запрапанавалі адмовіцца ад расейскай ці польскай культуры і пераняць, прыкладна, культуру ангельскую, дык такая прапазыцыя была-б практычна і разумна. Мы і нашыя дзеці гэтым самым прыедналіся-б да ўсясьветнае цывілізацыі, сталі-б сынамі нацыі Шэкспіра і Ньютона і, дзякуючы ўваходжаньню ў склад ангельскае нацыі, пашырылі-б свае жыцьцёвыя магчымасьці да ўсясьветнага маштабу (аргумант ангельскага фунта). А тое, што прапануець нам беларускае нацыянальнае адраджэньне, наадварот, ёсьць сьвядомае самаабмежаньне, прапазыцыя замкнуцца ў маленечкі, элемэнтарны куток. Няўжо мы павінны гэта рабіць толькі дзеля таго, каб быць у згодзе з вядомым прыслоўем: «хоць дрэннае, ды сваё?» Падобны аргумант, кажа інтэлігент, можа здаволіць дзіцё ці зманіць цёмнага селяніна, не спакушанага салодкасьцю духовых цэннасьцяў, але ён занадта слабенькі, каб пераканаць асьвечанага інтэлігента, які імкнецца да пашырэньня свайго кругазору. Мы і нашыя дзеці, — кажа ў гэткім выпадку інтэлігент,- хутчэй гатовы ўпень выкарчаваць з сябе ўсё, што яшчэ можа ў нас засталося беларускае, і назвацца англічанінамі, чым забыцца расейскасьці (польскасьці) і пайсьці да беларусаў. «Пасьля салодкага не захочаш горкага», — казаў некалі Уладзімер-князь, — і тое самае паўтараюць сучасныя здэнацыяналізаваныя інтэлігенты.
«Беларускія таленты могуць выяўляцца і ў чужых мовах!»
Калі ў беларускім племяні, — даводзе інтэлігент пры канцы, ёсьць нешта такое, што па перакананьню патрыётаў не пакрываецца польскасьцю ці расейскасьцю, калі ў ім ёсьць нешта арыгінальнае, толькі яму прыналежнае (а гэтую арыгінальнасьць і характэрнасьць таксама трэба яшчэ давесьці!), дык усё гэта магчыма выявіць, не прыбегаючы да так моцных і небясьпечных захадаў, як руйнацыя старой культуры і вырабляньне якой-сь невядомай новай. Гісторыя сьведчыць, што Гогаль даў на расейскай мове ўсё тое, чым багаты і чым слаўны ўкраінскі народ. Хто адважыцца супярэчыць гэтаму? Тое самае для Беларусі зрабіў Міцкевіч на польскай мове. Толькі нізкі шовінізм можа не вызнаваць вялікасьці памянёных талентаў і надзвычайнай карысьці іх для сьвету; толькі ўпарты нацыяналіст можа сварыцца з суседам за «права» называць падобных геніяў «сваімі» ці — што адно і тое — намагацца, каб яны пісалі «нашай», сваей «уласнай» мовай. Хаця-ж для Гогаля расейская, а для Міцкевіча польская мова былі прыпадковы (глядзі — гвалты ў мінулым!), аднак гэта нісколькі ня меняець істоты справы. Калі беларускасьць можа даць грунт для зьяўленьня новых талентаў на расейскай ці польскай мове,- дык гэта вельмі добра: усё роўна большага за тое, на што яна здольна, беларускасьць ня дасьць, на якой бы то мове ня было.
Здольнасьці і сілы народа ня трацюцца і не раствараюцца ў паветры, а выяўляюцца ў творчасьці яго інтэлігенцыі. Ёсьць, урэшці, цьверджаньне, што са зьмешваньня дзьвёх нацыянальнасьцяў родзіцца трэцяя, больш дасканалая, чым кождая з гэтых дзьвёх нацыяў паасобку, што ніколі німа «чыстых» нацыяў, што ўсе яны, асабліва іх вышэйшыя станы (інтэлігенцыя), пераходныя па культуры і г. д.
Жыцьцё адкідае старую, варожую нам інтэлігенцыю
На аснове падобнай quasi-навучнай аргумантацыі, падмацаванай ссылкамі на дауна зданых у архіў рацыяналістычных дасьледчыкаў мінулага стагодзьдзя, інтэлігенцыя творыць той мур, аб які разьбіваецца самая гарачая прапаганда народнага адраджэньня; становіць тую сілу, якая ня толькі сабатуе нацыянальную ідэю, але йдзе на яе адкрытай вайной.
Калі-б ня тое, што падобная пазыцыя інтэлігенцыі зьяўляецца простым непаразуменьнем, шкодным ня столькі для народу, сколькі для самаё інтэлігенцыі,- над ёй німа было-б чаго і разважаць. Усё роўна законы руху, заложаныя ў ім самой прыродай, прывядуць да перамогі ідэі над прывычкай, поступу над падзеньнем, бо «нацыя, як сумленьне, раз прачнуўшысь, ня можа заснуць». Усё роўна жывое жыцьцё перабора схолястычную аргумантацыю і выкіне ўсё зьмярцьвелае за свой борт, — адраджэньне Беларусі зьдзейсьніцца і без старой інтэлігенцыі. І толькі, каб было менш падобных страт, каб да Новага Жыцьця, да Новай Веры прыйшла найбольшая грамада людзей, здольная да працы і адказнага будаўніцтва, толькі таму мы спыняемся над гэтай інтэлігенцкай варожасьцю і ставім сваёй задачай давесьці яе няпраўду.
II. Розум і пачуцьцё. Адзінасьць і рожнаадменнасьць. Як трэба разумець: «Культура — адзіна!»
[правіць]Агульналюдзкая культура ў залежнасьці ад падвойнасьці духовай энэргіі чалавека складаецца, як ведама, з двух элемэнтаў: тых, што маюць прычынай свайго ўзьнікнавеньня дзейнасьць розуму (разсудка), і тых, у аснове якіх ляжыць пачуцьцё чалавека і яго функцый [1] . Адрожніць у аб’екце культуры вялікасьць уплываў аднаго ці другога элемэнту бываець даволі трудна; звычайна дзьве сілы чалавечага духа функцыянуюць разам у пэўнай гармоніі. Так, прыкл., увесь комплекс матэрыяльных абставін сучаснасьці ёсьць вынік дзейнасьці абедзьвюх энэргій, бо разам з задавальненьнем вымаганьняў розуму яны здавальняюць і вымаганьня пачуцьця. Кожная матэрыяльная рэч — будзь то тканіна, аўтамабіль, кніга, дом, гадзіньнік,- усе яны робяцца ня толькі згодна законам тэхнікі, але разам з тым і згодна законам эстэтыкі, здавальняюць ня толькі чысты розум, але пачуцьцё хорашасьці. Нават такія рэчы, як страва, што робяцца на поўгадзіны, каб насыціць жалудак чалавечы,- і тыя робяцца так, каб не адталківаць сваім выглядам, а, наадварот, прыцягнуць. (Аналіз «эмоцый», як зьмешаных праяў духа, адным з першых зрабіў І. Петражыцкі,- гл. яго «Теорія права», ч. I.) Разам з гэтымі зьмешанымі пладамі культуры мы бачым яскрава вызначаныя плады, выкпіканыя дзейнасьцю ці розуму, ці пачуцьця паасобку. Так, прыкл., навука ў «чыстым значэньню» — плод дзейнасьці толькі розуму; з другога боку, мастацтва — у чыстым значэньню — творыцца толькі пачуцьцём чалавека і пачуцьцю служыць.
Паскольку розум і пачуцьцё чалавека адзіны, пастолькі і культура сьвету адзіна. Але, па-першае, адзінасьць гэтая рожна выяўляецца ў залежнасьці ад таго, які элемэнт духа яе творыць; па-другое, ёсьць пэўныя дзедзіны культуры, у якіх адзінасьць творыцца рожнаадменнасьцю. Тэарэма гэомэтрыі, конструкцыя машыны, спосаб лячэньня хваробы — абавязковы для ўсіх галоў нашае зямлі. Ніякай асаблівай індывідуальнасьці ў гэтай дзедзіне чалавек выявіць ня можа; у дзедзіне веды, практыкі, тэхнікі, дзе пануець і творыць чысты розум, адзінасьць культуры і яе заваяваньняў асабліва кідаецца ў вочы [2].
Зусім іначай стаіць справа ў дзедзіне пачуцьця. Тут ня толькі кожны народ ці племя, але кожная асоба паасобку вольны ў сваіх перакананьнях, твораць свае «законы». Toe, што аздобна для нэгра, — здаецца сьмешным для эўропейца; так, як малюе і разумее прыроду японец, ніколі ня можа зразумець і намаляваць француз. Вызнаньне пекнага і няпекнага, моральнага і аморальнага, музыкальнага і антымузыкальнага, прыемнага (эстэтычна) і непрыемнага — усё гэта творыцца кожным асобным індывідуальным пачуцьцём. І як індывідуальна гэта пачуцьцё, таксама індывідуальны і рожны плады яго творчасьці. Безварункова, з пункту гледжаньня агульначалавечага, пазбаўленага так зв. «нацыянальнага эгоцэнтрызму» (гл. Н. Трубецкой — «Европа и Человечество»), вартасьць творчасьці кожнага народу роўна вартасьці другога, і мы ня можам сказаць тут, што, прыкл., вынікі творчасьці пачуцьцёвага духа эўропейцаў важней за тыя самыя вынікі азіятаў ці афрыканцаў.
Праўда, і ў гэтай дзедзіне ёсьць пэўныя элемэнты адзінасьці, больш агульна — супольныя ў народаў і асобаў бліжэй адзін да другога стоючых: ёсьць пэўныя музыкальныя гамы, ёсьць гамы фарбаў, ёсьць пэўныя літэратурныя правілы, урэшці, ёсьць агульнапрынятыя правілы моралі і права. Але ў той час, як у дзедзіне розуму найбольш цэнным элемэнтам ёсьць акурат элемэнт адзінасьці, — тут, у дзедзіне пачуцьця, асновай прагрэсу служыць рожнаадменнасьць. У першым выпадку новыя заваяваньня імкнуцца да таго, каб з кожным лішнім крокам лішні раз давесьці сталасьць аснаўных законаў прыроды і думаньня, у другім выпадку — кожны новы крок наперад робіцца як бы з сьпецыяльнай мэтай давесьці рухавасьць і зьменнасьць форм, гукаў, напрамкаў і школ. Табліца множаньня, закон Гэй-лю-Сака, тэорыя дарвінізма, усялякага гатунку абагуленьня юрыдычныя, соцыялёгічныя, экономічныя і інш.- усе яны набываюць тым больш вартасьці, чым больш новыя факты і адкрыцьця ўзмацоўваюць іх агульную правільнасьць, іх абавязковасьць для кожнага чалавека і кожнага часу. Наадварот, ні ў мастацтве, ні ў музыцы, ні ў літэратуры падобных «законаў» німа, а калі для пэўнай групы людзей ці ў пэўны час гэткія «законы» ўстанаўліваюцца, дык цэнным лічыцца ня тое, што іх пацьвярджае, а тое, што іх апракідвае і што тым самым адчыняе новыя магчымасьці на будучыну.
Рожнаадменнасьць і навізна найбольш цікавюць нас у творчасьці народаў
У рожнаадменнасьці формы скрыта багацьце пачуцьцёвага духа, — вось чаму ён увесь час шукае «чароднага слова», не здаволяны «словам сказаным», вітаець кожную спробу адмовіцца ад прынятага і традыцыйнага. У аднаадменнасьці пачуцьцёвы дух гіне, творчая энэргія яго слабее і гасьне.
Лепшай гарантыяй рожнаадменнасьці жыцьця і забясьпекай далейшай творчасьці чалавечага духа ёсьць сам чалавек у істоце сваей адзіны, але ў форме сваёй і выяўленьні сваім — бесканечна рожнаадменны. Праявай гэтай рожнаадменнасьці служыць кожная сям’я ў стасунку да другое сям’і, адзін народ у стасунку да другога: славянская нацыя ў стасунку да романа-германскай, белая раса ў стасунку да чорнай ці жоўтай. Кожны з гэтых соцыяльных арганізмаў па-свойму індывідуальны, творыць сваю асобную культуру, ідзе да дасканаласьці, да ўсялюдзкасьці, сваймі, яму аднаму ведамымі шляхамі. Украінскі філософ Міхайло Драгоманів характарызаваў гэты працэс у кароткай формуле: «нацыяналізм у зьдзейсьненьні і космопалітызм у мэтах». Поступ чалавецтва складаецца як з паасобных укладаў кожнага народу і нацыі, так і са ўзаёмных уплываў аднэй нацыі на другую. Мы бачым, прыкладам, што сучасная эўропейская культура стварылась у выніку бесканечных узаемных уплываў насяляючых Эўропу народаў: кожнае слова ў літэратуры, мастацтве, музыцы, навуцы і г. д. аднаго народа паўтаралась суседнім на свой капыл. Гэткі лёс, як ведама, меў псэўдаклясыцызм, романтызм, так зван, «рэалістычныя школы», пэрыяды панаваньня ідэалістычнай філёзофіі,- усё, усутыч да сучасных нам модэрнізма, футурызма і ўсялякіх іншых «шуканьняў».
Вядом так сама другі факт, што нам найбольш падабаецца ў творчасьці другіх народаў акурат тое, у чым адбіваецца іх нацыянальная спэцыфічнасьць. Расейскі балет падабаецца амэрыканцу ласьне тым, што ён яму не знаёмы, што ён прыносіць з сабой вырабляны стыль расейскае балетнае школы; сярод нямецкіх мастакоў першае месца займаюць мюнхэнцы, якія ў сваёй творчасьці найбольш адбіваюць нацыянальны дух нямецкае нацыі. Інтэрнацыянальны Бэрлін, як і кожная сталіца вялікае дзяржавьі, ня маючая нацыянальнай твары, ня цікавы замежнаму падарожніку, калі ён шукае ў ім праяў творчасьці нацыянальнага генія народа. Цэнна для нас тое, што рожніцца ад нашага, ад прывычнага,- і толькі гэта падбіваець нас з пачатку на падробленьне пад чужое, а пасьля, у выніку ўнутранай перапрацоўкі ўяўляемага, — на арыгінальную творчасьць.
Мова — душа народу і найкаштаўнейшы скарб усяго чалавецтва
Сярод усіх спосабаў індывідуальнага ўяўленьня сьвету і, у зьвязку з гэтым, сярод усіх спосабаў праяўленьня чалавечай індывідуальнасьці першае месца займае, безумоўна, чалавечае слова, прадвечны лёгос. Першае чалавечае слова было першай спробай перадаць акружаючаму свае перажываньня, свае думкі. Як перажываньня і думкі былі індывідуальны, так было і слова. Першае слова чалавецтва было індывідуальным словам, — людзкасьць запамінала адразу на некалькіх мовах. Колькі іх было,- навука ня ведае, і дайсьці ёй гэтага немагчыма, але, што іх было не адна, гэта вядома напэўна. Можна думаць, што іх было столькі, сколькі рожных пляменьняў ці, лепш сказаць, сколькі рожных грамдзкіх комплектаў бытавалі ў рожных географічна-гістарычных варунках.
Кожны чалавек адчувае жыцьцё па-свойму дзеля таго, што псыхіка яго зложана інакш, як у другога чалавека. На склад псыхікі ўплываюць усялякія прычыны: акружаючая прырода, клімат, варункі гістарычнага бытаньня, людзкая супольнасьць, сярод якой народ жыве, і інш. І можна лёгка прызнаць, што ўсе асобнасьці адчуваньня чалавекам прыроды, жыцьця падзей лепш за ўсё і паўней за ўсё выражаюцца ў рожнасьці моў нашае зямлі. Праўду казаў В. Гумбольт, што «die sprache ist eine weltansicht» («мова ёсьць сьветагляд»).
Рожнасьць моў — ёсьць агульначалавечае багацьце; гама моў — багацейшая гама адзінай і неаб’ятнай чалавечай душы. 3 параўнаньня іх, з процістаўленьня і узаемнага разпазнаньня і ўплываў родзяцца новыя заваяваньня культуры. Калі эўропеец знаёміцца з арабскай літэратурай, з творамі грэцкіх і рымскіх мастакоў, — якіх ён ва ўласнай слоўнай стыхіі дайсьці самастойна не патрапіў, ён збагачвае свой духоўны сьвет, не прарабляючы ўсяе тае колёсальнае працы, якая патрэбна была для вытварэньня гэнай літэратуры. Калі беларускі пісьменьнік знаёміцца з чэскай мовай, з чэскім вершам, ён таксама знаходзіць у іх нешта такое, чаго сярод сваіх ён ніколі ня знойдзе. Гэтае знаёмства дае яму магчымасьць перанесьці ўсё цікавае і карыснае на ўласны грунт і тым збагаціць і аздобіць родную літэратуру. Сьляды падобнага ўзбагачэньня шляхам культурных уплываў і перахрэшчываньняў вядуць да самай далёкай мінуўшчыны, да часаў старо-орыентальных і антычных дзяржаў, калі усходна-азіяцкія народы, сколькі іх ня было (Асырыя, Бабілён, Эгіпэт, Пэрсія, Мідыя і інш.), утваралі ўзаемна нейкі агульна-культурньі масіў і калі афінскі нацыянальны геній уплываў на Рым і — наадварот.
Кожная асобная мова ёсьць вынік усіх асаблівасьцяў у жыцьці кожнае нацыі. Досьледы над санскрытам даводзяць, што сучасныя нам мовы эўропейскага контынэнту вышлі з аднаго карэньня, — а тое, што ласьне гэтыя мовы, вышаўшыя з аднаго карэньня, гэтак рожняцца паміж сабой цяпер, сьведчыць, насколькі потэнцыяльнай рожнаадменнасьці захоўвалась у раней адзіным пляменьні. І таму ня дзіва, што культурную гісторыю кожнага народа пачынаюць гісторыяй тварэньня яго мовы, гісторыяй таго, як народ, на першых кроках свайго істнаваньня, знаходзіў і акрэсьліваў самога сябе.
У той момант, калі-б зьдзейсьнілісь лятуценьня «конскіх» космопалітаў і на зямлі запанавала-б адзіная мова, у той самы момант загінуў бы галоўны рычаг земнае цывілізацыі. Сказ аб біблейскай вежы ласьне і паказвае, як жыцьцё вышла мудрэйшым за рацыяналістычныя разважаньня. Бяз рожніцы моў загінулі-б асобыя нацыянальнасьці і «людзкасьць абярнулася-б у мёртвы лёгічны абстракт, слова бяз зьместу, гук бяз значэньня» (Бялінскі).
Уселюдзкі інтэрнацыянал ласьне і цікаў тым, што ён інтэрнацыянал. Уся сіла інтэрнацыянала месьціцца акурат у рожнасьці складаючых яго часткаў, а не ў адзінасьці іх. (Мы кажам аб культурным інтэрнацыянале. Але нават і палітычны пролетарскі інтэрнацыянал, у сваёй спэцыфічна клясавай плашчыне, ня можа стварыць тае адзінасьці, якой жадалі яго першыя тэорэтыкі: прамых ліній у прыродзе няма.)
Прыведзены намі схэматычны перагляд агульнавядомых постулятаў значэньня мовы мы прывялі для таго, каб паказаць, каб прыпомніць чытачу, што інтэлігенцкае цьверджаньне аб шкоднасьці рожнамоўнасьці ёсьць ці забыцьцё, ці няведаньне ўстаноўляных фактаў гісторыі. Рожнамоўнасьць ёсьць не праклён над родам людзкім, а яго благослаўленьнем. Не да зьнішчаньня рожнамоўнасьці трэба імкнуцца, а да захаваньня кожнай мовы / разьвіцьця яе да яе натуральнага значэньня.
Мова ёсьць маці кожнага народа. Дзякуючы мове народ, як асобная нацыянальнасьць, родзіцца, з ёю жа ён паміраець. У стасунку да беларусаў гэтую думку найбольш каротка і яскрава выказаў адзін з машых «простых людзей», умеўшых «слухаць жыцьцё», — Мацей Бурачок: «Не пакідайце мовы вашай, каб ня ўмерці!». У гэтых спакойных словах народнага песьняра — цэлая філёзофія, запраўдны «Новы Завет» — цэлая праграма народнага бытаваньня.
Мы павінны берагчы і ўзбагачаць свае духовыя скарбы
Паскольку мы беларусы, г. зн. не палякі, не маскалі, не літвіны, не ангельцы, — пастольку мы павінны берагчы і цаніць усё тое, што робіць нас беларусамі, што гаворыць аб нашай асаблівасьці паміж суседзямі. Берагчы ў пашане сваё, гэта знача гарманічна сумясьціць сваё з чужым, з агульначалавечым. Мы павінны берагчы і разьвіваць свае звычаі, сваю песьню, сваю вопратку, паважаць і паглыбляць асаблівасьці свайго беларускага сьветапагляду і інш. А ў першую чаргу, мы павінны берагчы і разьвіваць сваю мову, бо толькі з ёю і праз яе мы здоляем асягнуць усё іншае.
Космопалітычны напрамак інтэлігенцкіх настрояў і перакананьняў годзіцца, як мы заўважылі, хутчэй са сьмерцю, ніж з прызнаньнем беларускасьці са ўсімі адгэтуль няўнікненымі «непрыемнасьцямі». Адным з апраўданьняў такога пагляду служыць, як мы паказалі, заява, што тое інтэгральна-самабытнае, тая нацыянальная «якасьць», што ёсьць у беларусаў як племяні,- ні ў якім выпадку не загіне, але ператворыцца ў польскасьці ці расейскасьці. Культурная скарбніца чалавецтва ад гэтага быццам ня страціць, а ў параўнаньню з аграмаднай затратай энэргіі, патрэбнай для выяўленьня проблематычных (у данны момант!) беларускіх асаблівасьцяў, можа нават і выйграць.
Лоўкі, але плыткі софізм. На першы пагляд давесьці. абмылковасьць падобных заяў гэтак сама трудна, як і давесьці іх справядпівасьць. Яны датычуць будучыны, аб якой можна гадаць як у адзін, так і другі бок. Аднак некаторыя разважаньня хутка выкрываюць іх слабы грунт.
Зробім, прыкладам, маленькую перастаноўку. Зазначым, Што калі для людзкасьці ня робіць рожніцы тое, што Гогаль зьявіўся на расейскай мове, а Міцкевіч на польскай, дык з поўным правам можна вызнаць, што чалавецтва нічога ня страціла-б, каб той самы Гогаль і Міцкевіч зьявілісь на ўкраінскай і беларускай мове. Вось тут то, як кажуць, і выстыркаець шпунт: калі гэта ўсё роўна для людзкасьці, дык далёка ня ўсёроўна для расейцаў і палякаў. Для іх адмовіцца ад гэтых талентаў — значыць, адмовіцца ад добрага кавалку сваяе славы. Адсюль і выходзіць, што калі цікавяць спэцыяльна расейскія (ці то польскія) нацыянальныя інтэрасы, а не агульналюдзкія, калі падыходзіць да пытаньня аб беларускасьці з эгоістычна-велікарускага ці польскага боку, дык прынцып свабоды разьвіцьця беларускае стыхіі будзе здавацца шкадлівым. Зразу мела: калі падбіта беларуская, украінская, грузінская і г. д. нацыянальныя энэргіі, дык велікаруская стыхія выігрывае ўжо адным тым, што на ўсходзе Эўропы яна пануе непадзельна і ў яе німа конкурэнтаў. Таму, паўтараем, мы разумеем, калі аб спыненьні беларускасьці гавора велікарус ці эвэнтуальна паляк як прадстаўнікі адпаведнай культуры. І зусім не разумеем, калі гэтага дамагаецца беларускі інтэлігент ці лепш — інтэлігент, пачуваючы сябе беларусам. Бо ўся справа тут не ў тэорэтычным аргумэнтаваньні, а ў самым звычайным патрыотызьме.
У беларускім руху німа ніякага «культурнага бунту»
Застаецца ссылка на нічым быццам не апраўданы «культурны бунт», на быццам бязмэтную растрату духовай энэргіі народу, што патрэбна для ўсходжаньня элемэнтарнай беларускасьці на вышыні сучаснае цывілізацыі. Аргумант найбольш цяжкі і найбольш сур’ёзны. Прыбягаючы да яго, інтэлігент успамінаець на вялізарныя бібліотэкі Расеі, Нямеччыны, Францыі і іншых высокакультурных народаў, успамінае аб Брытанскім музэю, аб пяці факультэтах сучасных унівэрсытэтаў і, раўнаючы ўсё гэта да беларускай пачатковай школы, прыходзіць у жах. У душы яго, разам са страхам прад адраджэнскай ідэолёгіяй, вырастаець зьдзек над ёй, злоба і пратэст. Нішчыць, душыць у самым зародышу трэба бацылу гэтай ідэі, — адзнаку вострай і небясьпечнай хваробы. «Гэта ёсьць соцыяльнае злачынства, гэта масавы псыхоз!» — крычыць інтэлігент. "Трэба рашуча спыніць гэтую дзікую, страціўшую прытомнасьць і пачуцьцё рэальнасьці пропаведзь апрашчэньня, гэты патолёгічны «культурны нацыяналізм!»
Разгледзім спакойна гэтыя гістэрычныя выкрыкі.
Так, мы годзімся, што пропаведзь ідэі беларускага нацыянальнага адраджэньня ёсьць пропаведзь апрашчэньня. Гэта заўважна ўжо даўна: «У нацыянальных адраджэньнях, — кажа вядомы расейскі этнограф А. Пыпін, — вымагаецца вядомае зусілье, каб аднавіць страчаную ці аслабшую сувязь грамадзянства з народам», трэба выўчыць яго, «опроститься» (Исторія слав, литератур, стар. 439). Інтэлігенцыя павінна наблізіцца да народу, да простага вясковага люду. Павінна адмовіцца ад процістаўленьня: мы і яны. Мы — гэта знача людзі гладкіх рук і высокай (чужой!) адукацыі, і яны — гэта знача мужыкі, людзі грубых рук, неасьвечаная вёска. Інтэлігенцыя павінна згадзіцца, што гэтыя мужыкі, гэтыя натруджаныя рукі трымаюць сабой усю будучыну роднага краю, усю славу Беларусі, а знача і ўсю будучыну і славу беларускай інтэлігенцыі. Па-другое, яна павінна неўнікнена акунуцца ў запраўды элемэнтарны беларускі сьвет. У пэўным разуменьню яна павінна сесьці на некаторы час за беларускі лемантар — граматыку, каб успомніць забытую матчыну мову; павінна будзе азнаёміцца з істнуючай беларускай літэратурай; бліжэй падайсьці да беларускага тэатру, да беларускай песьні. Зрабіць гэта зусім ня трудна: ня трудна як таму, што ўсё гэта сваё, блізкае, знаёмае з дзяцінства, так і таму, што ўсё гэта элемэнтарнае, малое, пачатковае. Элемэнтарнае і малое ня нутраной глыбінёй і зьместам, а сваім вонкавым, кніжным выглядам. Беларуская літэратура, тэатар і песьня — усё гэта першыя ўсходы, рунь, тонкія вехі. Усё гэта пакуль што «десятифунтовое», як калісьці любілі гаварыць расейцы пра ўкраінства (цяпер ужо ня кажуць!). Прарабіць гэта ня ставіць перашкоды, і кожны інтэлігент можа прарабіць гэту працу зусім лёгка, калі… калі ён на яе адважыцца. Вось у гэтай адвазе, у гэтым рашэньні пайсьці ў беларушчыну, пайсьці чэсна, не для адчэпкі, не «для приспособления», а тым больш не для спэкуляцыі,- вось у гэтым ляжыць галоўная псыхолёгічная перашкода.
Інтэлігенцыя ня йдзе ў беларускі адраджэнчы рух — з ленасьці
Мы раней успамянулі аб лянівасьці і опортуністычнасьці інтэлігенцыі. І цяпер падчырківаем, што галоўнай прычынай, чаму інтэлігенцыя ня йдзе ў працу, а калі ідзе, дык адзінкамі, — зьяўляюцца не тэорэтычныя мяркаваньня, а ласьне гэтая обыватэльская ленасьць. Контр-пытаньня, якія ставіць інтэлігенцыя беларускаму адраджэньню, зьяўляюцца простым манэўрам, каб ня быць зацягнутай да чыннай працы. Яна кажа: «і без таго ясна». Ясна не таму, што гэта об’ектыўна ясна, а ясна таму, што хочацца, каб гэта было ясна. Як часта здараецца ў псыхолёгіі, так і ў даным выпадку, за факт прымаецца ня тое, што ёсьць, а тое, што жадаецца. Нехаць інтэлігенцыі, адсутнасьць рашэньня пайсьці на апрашчэньне ўстрымлівае інтэлігента ад рашэньня пайсьці ў адраджэнскі рух. А між тым акурат у гэтым моманце ляжыць самая магчымасьць падайсьці да пытаньня ўсутыч і давесьці, чаму мэты нацыянальнага адраджэньня жыцьцёва рэальны і чаму інтэлігенцкае апрашчэньне рэч ня бяссэнсная.
III. Інтэлігенты павінны стаць запраўднымі сынамі Беларускага Народу!
[правіць]Для таго, каб вайсьці ў беларускую справу і стаць у шэрагі змагароў за Новае Жыццё, патрэбны два варункі: 1) трэба, каб у чалавека ня ўмерла душа, каб ён быў «новы» і кахаў свой край; 2) трэба, каб ён быў «чэсны з сабой», г. зн. не хаваўся ад уласных думак і гатоў быў правесьці іх у сваё жыцьцё.
Ёсьць дзьве адмены каханьня: першай адмены каханьне ёсьць тое, што не вымагае ахвяры, якую ня трэба падымаць, як крыж, але якая, наадварот, сама падымаець, узносіць і песьціць. Гэта ёсьць тое каханьне, што зьяўляецца натуральным пладом пагарды, што зьвернута на гожае, моцнае, вялікае і імпануючае. Гэткім было, прыкладам, каханьне расейскага патрыёта да старой імпэрыі. Ён любіў сваю «родину» за яе аграмадны абшар, багацьце і сілу кулака: «ад финских хладных скал до пламенной Колхиды»,- пяяў аб ёй Пушкін. Падобным гордым каханьнем любіць сваю бацькаўшчыну англіец, француз і некалькі год таму назад асабліва любіў немец: «Deutschland, Deutschland ubеr alles» («Нямеччына, Нямеччына — вышэй за ўсіх, над усімі»). Гэткім каханьнем мы ня можам кахаць Беларусь, і не патрэбна ёй гэткае бяздушнае, сытае, нядзейнае каханьне.
А ёсьць другое каханьне — ахвярнае, дзейнае, церпячае і творчае. Любіць свой народ, любіць Беларусь можна толькі гэткай ахвярнай любоўю. Чаму? Таму што Беларусь загнаная, Беларусь цёмная. Любіць Беларусь можна не за багацьцё яе, не за бліскучую славу, не за сілу і панаваньне,- любіць Беларусь можна толькі за яе беднасьць, за пакуту, за яе страшныя цярпеньня ў мінулым і ў сучаснасьці. Любіць беларускі народ можна не за статнасьць яго і сытасьць, гладкасьць і аздобнасьць, — а за голад яго, за крывавую працу, за цемнату яго і гора. Трэба палюбіць яго ўсохшыя плечы, яго рваную сьвітку, яго грубыя рукі, — палюбіць яго так, як ён ёсьць, «без прыкрас». Палюбіць яго трэба «чорненькім», а гэткая любоў ёсьць любоў ахвярная. Ня кожнаму яна да спадобы і ня кожнаму яна па сілах. Толькі той, хто ўздумаў над страшнай беднасьцю свайго народа і не падупаў духам, але знайшоў у сабе падвойную сілу для змаганьня за новае жыцьцё,- толькі той выйшаў пераможцам над сучаснасьцю, толькі той можа хрысьціцца ў Новую Веру.
Разам з тым любіць Беларусь можна толькі выключнай любоўю. Гэта асабліва павінен уразумець той інтэлігент, які кажа, што любоў да Беларусі можна «совместить» з любоўю да Расеі ці да Польшчы. Няпраўда,- гэта фарысэйства, ілжа! Ілжа прад самім сабой. Як у чалавека ёсьць адна маці, так у яго ёсьць толькі адна бацькаўшчына! Любіць можна ці Беларусь, ці Расею, ці Польшчу.
Можна, а нават павінна паважаць і любіць кожны народ, але пасьля Беларусі. Любоў да Беларусі — у аснове, любоў да ўсіх іншых — у коордынатах. Толькі той з інтэлігентаў, хто ўразумеў, што значыць назвацца сынам Беларусі і быць ім,- толькі той не дарма прыдзе да беларускай нацыянальнай справы.
Вярнуўшыся да народу, інтэлігенцыя ня толькі не апрасьціцца, але духова ўдасканаліцца
У наш час, калі інтэлігенцыя ня йдзе ў рух галоўным чынам з-за мовы, найлепшым доказам яе рашымасьці і здольнасьці да чыннага ўдзелу будзе той дзень, калі яна загаманіць сярод сваей грамады на беларускай мове. Мы разумеем,- гэта ня так лёгка зрабіць. Цяжар традыцыі цэлых пакаленьняў, цяжар прывычкі, створанай за ўсё папярэдняе жыцьцё, цяжар зьдзіўленьня, а часам і аткрытай насьмешкі акружаючых,- зрынуць ня так лёгка, як можа здавацца з боку.
Памятаеце, як трудна было асьвечанаму, высокакультурнаму Саўлу перарабіцца на Паўла,- вось гэтак жа цяжка «перарабіцца на беларуса» сучаснаму кваліфікаванаму інтэлігенту, шчыра прыняўшаму «на розум» адраджэнскую ідэолёгію. Таму то Саўлы гэтак рэдкі ў нашай барацьбе.
Але падобны індывідуальны ўчынак павінен быць перароблены абавязкова; бяз яго Беларусь не дабудзе запраўднага сына. Гэтую справу fur sich, як казалі мэтафізыкі, гэты маленькі «парожак» кожнаму інтэлігенту трэба індывідуальна пераступіць, каб увайсьці ў Царства Новае.
Толькі пасьля таго агонь новай веры абажжэ душу блуднага сына, спаліць старыя куміры і адкрые яму вочы на шмат такога, чаго ён раней ня бачыў,- ня мог бачыць. У душу яго ўдухнецца новы дух, ён у бачыць запраўднае жыцьцё народу свайго, свайго краю, узгардзіцца імяні беларуса. Прад ім адкрыецца шырокая дарога; у беднасьці народа ён убачыць злую няпраўду мінулага, якую трэба перабароць; у цемнаце народнай ён убачыць неаглядны прастор для творчай працы, усе сілы інтэлігента прыдуць у напружаньне, узьнімуцца ў адным парыве — памагчы нячуванай народнай бядзе, зваліць нядолю і гора яго, пайсьці разам з ім да славы і волі людзкай.
Ласьне, усё гэта паўстане прад інтэлігентам, ён адчуе ўсё гэта нутром сваім толькі з моманту, калі ён прыме мову народа як сваю родную мову. І вось у гэтым будзе ляжаць крытычны момант усяго інтэлігенцкага апрашчэньня.
Не! Не рэгрэс, не апрашчэньне ў грубым значэньні, ня крок назад, у сярэднія векі зробіць інтэлігент, калі ён перабора так званы «ілжывы сорам»,- але вялікі, надзвычайны крок наперад, гіганцкі, вялізарны пераход у царства агульнага ўдасканаленьня.
Праўда, часова будзе, як зазначана вышэй, быццам крок назад, дарэмная, здавалася, страта энэргіі на паўтарэньне задоў. На пэўны час інтэлігент акунецца ў круг элемэнтарных інтэрасаў, у самы, здавалася б, абмежаны круг ідэй і жаданьняў, — як культурных, гэтак і палітычных. Прычым значная частка гэтых жаданьняў будзё выглядаць нерэальна, толькі як адна надзея і як «міраж», падобна ўсей нашай «міражнай» — у вачох рэальных людзей! — беларускай справе. Да гэтага далучыцца цяжар перавучваньня мовы, гэтак не- апрацаванай, гэтак на першы пагляд няскладнай; вечнае «нацягваньне» сябе і сваіх блізкіх да гэтае мовы, штодзённая барацьба са старым укладам жыцьця ва ўсіх дробных, але гэтак дакучных формах. Што чытаць, чым жывіць свой розум, калі ня хлебам адзіным жыў чалавек? Калі беларуская сучаснасьць гэтак бедная, дык ці не шукаць духовай стравы ў XVI стагодзьдзі, калі Беларусь была самым апошнім словам культуры на ўсходзе? Як быць з Брытанскім музэям? Ці можна ўгнацца ў беларускіх варунках за магутным росквітам навукі і тэхнікі?
Гэткія мысьлі могуць атруціць не адну мінуту новага працаўніка. Але яны бесплодны, і ня трэба над імі разважаць, ня трэба іх ставіць у тэорэтычнай плашчыне. Яны будуць пастаўляны і бліскуча вырашаны ў працэсе самога жыцьця, па-першае, калі прыгледзецца, дык шмат што з сучаснага паважнага страціць свой блеск і паважнасьць. І наадварот, шмат што са, здавалася б, нэгатыўнага абернецца неспадзявана сваім сьветлым бокам.
Удзел у беларускай нацыянальнай працы ўратуе беларускага інтэлігента ад абмяшчаніваньня і створыць з яго грамадзяніна свайго краю
Беларускае адраджэньне — не перасяленьне гунаў, і шляхам Ацілы яно йсьці не зьбіраецца. Не руйнаваць старую культуру прыходзіць Беларусь, але ўзнавіць яе, прыстасаваць да сябе, дапоўніць для сябе і ад сябе. Для гэтага зусім ня трэба «перакладаць на беларускую мову Брытанскі музэй» — аб гэтым могуць крычэць ці безнадзейныя ідыёты, ці «шалёныя патрыёты вялікіх нацый». Каб узяць ад старой культуры ўсё патрэбна-новае, каб узгадаваць, побач са старым Падуанскім ці Маскоўскім унівэрсытэтам, — малады беларускі, для гэтага не вымагаецца нічога нялюдзкага, чаго-небудзь такога, што ня было-б у сілах узбуджанага народу. У гісторыі прыкладаў такіх мы знойдзем ня мала: гэтак было ў Грэцыі — у стасунку да Эгіпта, гэтак было ў арабаў — у стасунку да Візантыі, гэтак было ва ўсё срэднявечча — у стасунку да Стара-Грэцка-Рымскага сьвету, гэтак было ў Нямеччыны — у стасунку да Францыі і Англіі, гэтак было ў Расеі і Польшчы — у стасунку да Зах. Эўропы, гэтак сама будзе ў Беларусі ў стасунках да Расеі, Польшчы і ўсяго сьвету. Са ўсіх іншых нацыянальных заданьняў — пайсьці ў ногу з сучаснай культурай — задача не з труднейшых, у кожным разе яна — зусім рэальная.
Сам па сабе інтэлігент, жывучы ў знаёмай нам атмасфэры абывацельшчыны, інтэлігент — вучыцель, чыноўнік, доктар і іншы — усе яны жывуць тым, што далі ім дарэвалюцыйныя часы. Яны, казаў той, жывуць «старымі запасамі», перажоўваюць старую «культурную жвачку», і гэта асабліва датычыць інтэлігенцыі на Беларусі, якая падзеляна сёньня паміж дзьвюма, варожымі адна аднэй, дзяржавамі. Можна з пэўнасьцю сказаць, што сярод усіх іншых інтэлігенцый інтэлігенцыя на Беларусі, калі яна не прыйшла да жывой крыніцы нацыянальнага руху, мадзеіць і ўпадаець у найгоршай адмене мяшчанства.
Ня то з інтэлігентам-нацыяналістам. Яму, уступіўшаму на шлях барацьбы за вызваленьне Беларусі, небясьпека падобнага заняпаду не пагражае. Ідэя адраджэньня нацыі нагэтулькі вялікая, што яна дасьць як кожнаму інтэлігенту паасобку, так і інтэлігенцыі, як стану, залішне шмат працы, каб засталося часу на звычайнае мадзеньне. Ужо адна тая ўнутраная «перабудоўка», якая вымагаецца самым фактам перахода да Новай Веры, ужо адзін той «парожак», аб якім была мова, — ужо адно гэта выведзе інтэлігента далёка паза рамкі штодзённай будзёнасьці. У гэтай перабудоўцы, у гэтай «пераацэнцы ўсіх цэннасьцяў» усе сілы душы ўскалыхнуцца і прыдуць у напружанасьць. Першабытнасьць і беднасьць на культурныя здабыткі, сярод якіх апыняецца кожны інтэлігент, прабуджаюць — няўнікнёна — у ім такую энэргію, якую можна параўнаць толькі з энэргіяй Робінзона Крузо, трапіўшага на няжылую выспу. Новы сьветапагляд набудзецца ня лёгка,- у працэсе яго набыцьця інтэлігент самаакрэсьліцца ў глыбокім значэньні гэтага слова, знойдзе самога сябе і сваё месца; іншымі словамі, знойдзе сэнс жыцьця і сваю ідэю ў жыцьці. А гэта і ёсьць найцэньнейшае і найвышэйшае асягненьне, якое дана чалавеку, бо бяз ідэі — жыцьцё ёсьць быдлячае істнаваньне!
Інтэлігент, у старым значэньню, да самай сваей сьмерці можа «жыць» ці, лепш сказаць, істнаваць у супакою, не забіваючы сваей галавы пякучымі, складанымі пытаньнямі. Ён можа быць проста чыноўнікам, проста вучыцелем, проста інжынэрам. Інтэлігент-нацыяналіст ня можа быць проста ці то толькі чыноўнікам: ён будзе разам з тым нацыянальным працаўніком. Ён ня толькі будзе служыць на чыгунцы ці хадзіць у бальніцу, ці магістрат, але разам з тым будзе клапаціцца аб беларускай школе, аб беларускай кнізе, аб беларускім тэатру. Акружаючая яго бязьмерная патрэба ў людзях, у адукаваным слове, у асьвечанай сьвядомасьці наложыць на яго такія абавязкі, якіх раней ён і заўважыць ня мог. Тую энэргію, якую ён пры старых варунках траціў у абыватэльшчыне, балтаніне, картах, ён прымушаны будзе аддаць справе. Патрэба ведаць народную мову прабудзіць у ім інтэрас да філёлёгічных спрэчак; азнаемленьне з народным сьпевам увядзе яго ў беларускую музыкальную стыхію; проблема адбудаваньня дзяржавы прымусіць яго агледзіцца ў гістарычных, соцыяльных, экономічных і ўсялякіх іншых асаблівасьцях беларускага краю; барацьба за народную волю апрацуе ў ім сталы абгрунтаваны пагляд на пытаньня рэвалюцыйнага характару,- у выніку ўсяго гэтага інтэлігент ператворыцца з абыватэля ў грамадзяніна сваёй Краіны. Бо нацыянальныя хрэсьбіны — гэта ня менш, а мо і больш, як актыўна-рэвалюцыйныя хрэсьбіны.
Аб чым казаць, даволі толькі інтэлігенту да канца стаць на шлях руху, як гэты рух прымусіць яго «плыць супроць вады». Нават мімаволі, нават супроць жаданьня спакою, у часіны адпачынку думы аб Беларусі, аб беларускіх ідэалах, аб страшэнных патрэбах народу не пакінуць яго. Безупынна, кожны дзень, амаль кожную гадзіну, на яго будзе насоўвацца пагроза варожых поглядаў, зьдзеку, кпін — ён будзе ўсюдых з імі сустракацца, усюдых яны будуць яго непакоіць. Хвілі сумненьня,- сьвятога, творчага сумненьня, будуць зьмяняцца ў душы яго хвілямі рашымасьці, пафасам змаганьня і асягненьня. Беларуская Галгофа — інакш нельга назваць ператварэньне сучаснага інтэлігента на Беларусі ў сьвядомага працаўніка,- беларуская Галгофа прынясе яму «мільён цярпеньняў», але разам з гэтым яна родзіць з яго Чалавека Новага Жыцьця.
Што гэта — апрашчэньне ці ўдасканаленьне? Крок уперад ці крок назад? Для нас адказ на гэтае запытаньне ясны.
Ал. ГАЛЫНЕЦ. Кастрычнік, 1925 год. Коўна.
Крыніцы
[правіць]- ↑ Воля, згодна традыцыйнай клясыфікацыі,- трэці надзвычайна важны элемэнт духа, не прыймаецца намі пад увагу, бо ў працэсе тварэньня культурных цэннаЬьцяў граець пасярэднюю, можна сказаць, падсобную ролю.
- ↑ Есьць сьведчаньня — і вельмі аўтарытэтныя,- што нават у сфэры абстрактных навук, як, прыкладам, матэматыка, адбіваецца нацыя- нальны склад духа вучонага. Гэткага погляду трымаецца сярод іншых вядомы філёзоф (сёньня прэзыдэнт Чэхаславакіі) Т.Масарык. Гл. яго працу «Nova Europa».