Апаведаньня (Галубок, 1913)/Вада памагла

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Вада памагла
Апавяданьне
Аўтар: Уладзіслаў Галубок
1913 год
У сваты

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Вада памагла.

«Ну дык пойдзім, мая рыбачка, да варажбіткі у Вуглы», казала маці сваей дачцэ; «хіба-ж толькі табе ні паможэ, а то ўсе, як у бубін б’юць, што раду ўсім дае. А ці-ж ты горш за людзей?»

— «Пойдзім, калі гэдак», атказала дачка, «толькі я нічога казаць ей ня буду, а кажы сабе ты, — ты старая, а старой, што с плеч, то ў печ».

Так пагаварыўшы і парадзіўшыся, маці з дачкой выправіліся ў дарогу. Пляліся, небарачкі, па Барысаўскаму шляху, ат самага раньня, і толькі позна вечэрам трапілі яны да варажбіткі. Ня сьмела атчыніўшы дзьверы, піраступілі яны высокі парог. Варажбітка якраз была ў хаці і стаяла каля печы з вялізнымі вілкамі ў руках.

«Аткуль, кабеткі?» спытала яна падарожных.

— «Здалёку, панюхна, здалёку! Зьнібыткаваліся сусім, раду ўсё шукаім, сьвет прайшлі…» і ў старой, як боб, пасыпаліся сьлёзы, «Летась яшчэ аддала дачку замуж за Гваздка», пачала старая, «скончыўся год, пачаўся другі, а дзетак німа і німа, а яна сохне, небарачка, як красачка без вады. Глянуць, маладзіца хоць куды, чырвонінькая, як брусьнічанька, сама жадае прыплоду, а тут хоць запалі; каму-ж тады мець, калі ня ей?».

Памаўчаўшы трохі, старая гаварыла далей. «Яна мне даўно жаліцца, што яе мужыка быццам ураклі. Можа й праўда. Ці мала на сьвеці ёсьць благіх людзей. Дык памажы-ж, панюхна, калі ласка!»

Маладзіца, пры гэтай гутарцэ старой, схавала свой маленькі нос у зякрастую хустку і парушылася на тапчане.

— «Можа ураклі, а можа і не», сказала варажбітка; «мо так якая набрыдзь убілася, трэба падлячыць, пэўне адойдзе; тагды будзіш мець, баба, ўнукаў».

— «А панюхна! а родная! можа ведаіце раду, памажыце, дужа хочыцца хоць перад сьмерцьцю зірнуць на сваю кроў». Маці, седзючы на лаве, плакала і выцірала рукавом сьлёзы, а дачка, патупіўшы вочы, як вінавайца, сядзела ціханька каля маці, зрэдка уздыхаючы;

— «Пакінь плакаць, бабка!» сказала варажбітка, «вось толькі згатую вячэру свайму мужыку, а там будзім ведаць, ці урокі, ці так якая набрыдзь убілася», ды ізноў пачала поркаць вілкамі у печы, скоса паглядаючы на палаці, дзе лежаў яе мужык, уставіўшы вочы на маладзіцу.

— «Чаго ты вочы паказеліў? каб цябе сьпека пекла!» крыкнула на яго варажбітка, «Вось зараз гарачымі вілкамі лупачы табе павысмаліваю! Бачыш ты яго — ўтаропіўся, каб ты затануў, стары ламака. Здаецца увесь порах высыпаўся, а як згледзіў маладзіцу, аж трасца яго трасе».

«Пойдзім у другую палавіну», зьвярнулася яна да баб.

Зьняўшы с прымурку карты, варажбітка скартавала іх і пачала раскладаць. Падумаўшы троху, іна сказала, што мужыка ураклі, і помач ат уроку можэць даць толькі тутэйшы селянін Кірыла, удавец.

Пазвалі Кірылу.

Праз паўгадзіны скрыпнулі дзьверы і ў хату уваліўся Кірыла, высокага росту, плячысты, не стары яшчэ мужчына, з багатымі на дзіва вусамі.

— «Во і ратунак тут! Прасі, кабетка, яго палячыць. Я с прыкананьня кажу, што будзе ўсё, чаго жадаіце».

— «А дзядзічка! а каласок! а збаўца, памажы!» кінулася старая да лекара: «хоць бы адно дзіцянё; я-ж маці, свайго дзіцяці шкода, марнуіцца, бедная, сьвету не бачыць….» —

Кірыла зірнуўшы на маладзіцу, пакруціў чорные як смоль вусы і пачаў тоўстым басам:

— «Памагчы-то можна, але, як я бачу, бязплодзьдзе дужа далёка засела у дачкі», сказаўшы гэта, папрасіў падаць конаўку вады.

Падалі.

Кірыла ушчаміў у магучых руках конаўку і стаўшы у кутку, нешта плявузгаў, плявузгаў і нарэшці даў маладой, каб сама па троху піла і мужыка калі-ні-калі трактавала. Кірыла пры гэтым с прывычкі сказаў, што лекарства гэта хваробу як гужам адойме, а здароўе як мехам прыпрэ.

Старая тым часам, дастаўшы с торбачкі бутэльку картаплянкі, паставіла яе на стол.

Кірыла, як згледзіў гэткі трактамэнт, здаецца з радасьці больш вырас, і вочы яго заблішчэлі, як у ваўка.

Селі за стол. Перш Кірыла выпіў з маладзіцай, потым са старой і па чарцэ з гаспадарамі, каторые зьбіраліся на спачынак. Страпежылі бутэльку. Кірыла — як тут меў — паставіў другую, і пашла гулянка.

Невядома, ці доўга цягнулася-б яна, каб не патухла лямпа. Ці яно само сабою так зрабілася, ці таго вымагалі лекі, не нам прастым людзям пра тое знаць. Адно толькі можна сказаць, што не дарэмна хадзілі да варажбіткі.

Счэкаўшы паўгода, да знахаркі зноў прышла старая. Цяпер яна была с падарункамі і у яе твары сьвяцілася радасьць.

«А панюхна мая, родная мая, дзякуй жа табе, дзякуй, — усё добра. Дзякаваць Богу, дачка пры надзеі; вось табе за варажбу абрусок, панюхна, а доктару, каб ён здароў быў, за фатыгу, палатна на кашулі,» — гаварыла старая, дастаючы падарункі.